Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/988476_856933/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:47
15.01.2019 09:46 Спорт, Эканоміка

Лепшы з трох экіпажаў МАЗа падняўся на сёмае месца "Дакара-2019"

Мінск, 15 студзеня. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" сутыкнулася з новымі цяжкасцямі на сёмым этапе ралі-рэйду "Дакар-2019". Кіраўнік каманды гоншчык Сяргей Вязовіч прабіў кола, але ўсё ж фінішаваў другім, а "МАЗ" Аляксея Вішнеўскага з-за паломкі заначаваў у пустыні, паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода. 

Сёмы спецучастак ўяўляў сабой 323-кіламетровую пятлю вакол перуанскага горада Сан-Хуан дэ Маркона. Большая частка маршруту пралягала па пустыннай мясцовасці, дзе пясчаныя трасы чаргаваліся з адрэзкамі з дзюнамі. Цяжка было не толькі пілотам, але і машынам — многія экіпажы сутыкнуліся з непаладкамі. 

"За тры кіламетры да фінішу быў спуск, на падыходзе да якога — дарога з пяском і прыступка ўніз. Мы скокнулі — машына паляцела бокам і заднім колам уляцела ў камень, кола імгненна спусціла. Але 3 км вырашылі праехаць без замены з хуткасцю 50—60 км/ч. Дабраліся да фінішу са спушчаных колам. І зноў даказалі, што "МАЗ" — па-ранейшаму адзін з самых хуткіх аўтамабіляў у пелетоне", — адзначыў кіраўнік каманды. 

У выніку Вязовіч паказаў другі час — 5 гадзін 18 хвілін. Паўгадзіны менш зрасходаваў на трасе толькі Жэрар дэ Рой на Iveco. У агульным заліку беларускі экіпаж падняўся на сёмае месца і зараз адстае ад нязменнага лідара цяперашняй гонкі Эдуарда Нікалаева на 6 гадзін 18 хвілін. 

Аляксандр Васілеўскі фінішаваў дзясятым. Яго час — амаль 7 гадзін 27 хвілін, адставанне — 2 гадзіны 39 хвілін. У генеральнай класіфікацыі беларускі экіпаж уваходзіць у першую дзясятку і прайграе расійскаму экіпажу больш за 9 гадзін. 

"МАЗ" Аляксея Вішнеўскага сутыкнуўся з тэхнічнымі няспраўнасцямі ў пачатку шляху — узніклі праблемы з прывадам пераключэння перадач. Іх устараненне заняло шмат часу, у выніку сцямнела, і давялося начаваць у пустыні. Гоншчыкі вырашылі працягнуць гонку на досвітку і пастарацца паспець да закрыцця фінішу. 

Восьмы этап прывядзе гоншчыкаў ў горад Піска. Працягласць спецучастка складае 360 км. Гэтым разам 10 самых хуткіх легкавых спорткараў, 10 матацыклаў і 5 грузавікоў, нягледзячы на розныя класы, будуць стартаваць разам. Сярод іх будзе і "МАЗ" Вязовіча. 

Марафон "Дакар-2019" праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд займае 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкі праедуць прыкладна 5 тыс. км. Больш за палову маршруту пралягае цераз пясчаныя трасы з дзюнамі і іншымі перашкодамі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН