Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/988498_774411/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 08:44
15.01.2019 13:03 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь зведвае сур'ёзную рэвізію на прадмет суверэнітэту і незалежнасці

Мінск, 15 студзеня. Беларусь "і злева, і справа, і на Захадзе, і на Усходзе зведвае сур'ёзную рэвізію на прадмет суверэнітэту і незалежнасці", заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня пры ўзгадненні прызначэння новых кіраўнікоў мясцовай улады, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка нагадаў, што 2019 і 2020 гады для краіны будуць асаблівымі, насычанымі палітычнымі падзеямі.

"Я ўжо пра гэта казаў. Мы павінны быць да гэтага гатовыя. Але запомніце: ніхто нас не зрушыць з месца, калі мы будзем працаваць эфектыўна, — сказаў Лукашэнка. — Беларусы заслужылі нармальнае жыццё. І мы абавязкова павінны, захаваўшы незалежнасць і суверэнітэт, палепшыць жыццё нашых людзей. У іншым выпадку нікому гэты суверэнітэт будзе не патрэбны. Гэта найважнейшая задача для ўсіх".

Лукашэнка паведаміў, што на працягу года наведае розныя вобласці краіны і азнаёміцца з працай мясцовых органаў улады па развіцці рэгіёнаў. Пры гэтым асаблівую ўвагу ён звярнуў на становішча спраў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

"Брэст адзначыць тысячагоддзе. Шмат што ў Брэсце зробленае, — сказаў Лукашэнка. — Брэст трэба, па-народнаму кажучы, дашліфаваць, каб у каралях Беларусі гэта была самая яркая жамчужына. Тым больш гэта заходнія вароты велізарнага Еўразійскага рэгіёну. І людзі, перасякаючы мяжу, павінны бачыць, што яны трапілі ў выдатны свет, які квітнее".

Развіццём Гомельскай вобласці Лукашэнка пакуль незадаволены, адзначае прэс-служба. Праца кіраўніцтва гэтага рэгіёна зведае рэвізію, звернуць увагу таксама і на Магілёўскую вобласць.

"Час выпрабаванняў і эксперыментаў даўно скончыўся, і гамяльчане не павінны адставаць ў сваім развіцці ад іншых абласцей. Тым больш у сацыяльным плане мы для Гомельскай вобласці зрабілі больш, чым для любой іншай. Час "аддаваць даўгі". Людзі ў Гомельскай вобласці павінны жыць не горш, чым у Мінскай або Гродзенскай", — заявіў Лукашэнка.

Як адзначаецца ў паведамленні, задачы па сацыяльна-эканамічным развіцці Мінска кіраўнік дзяржавы паставіў у снежні мінулага года на нарадзе з актывам сталіцы.

"Свой пункт гледжання я выказаў, — сказаў ён. — Мы вашу рэакцыю і мінчан адсочвалі. Людзі ў агульным плане, нават у дэталях падтрымліваюць вынікі нашай нарады. Пераканаўча прашу вас трымацца тых даручэнняў, якія былі мною выказаныя. Нам трэба зрабіць Мінск абсалютна ўтульным горадам для таго, каб мінчане ганарыліся горадам-героем".

На становішча ў Мінску сёлета і ў наступным годзе будзе ўплываць правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Аднак гэтыя мерапрыемствы, сказаў Лукашэнка, не галоўнае. "Галоўнае — тая праца, якую мы павінны зарабіць сёлета па ўладкаванні і добраўпарадкаванні нашага горада. Зрабіць гэта не фармальна, каб горад быў вельмі чыстым і акуратным", — адзначыў ён.

Лукашэнка таксама паведаміў, што ўважліва сочыць за развіццём Мінскай вобласці. Паводле яго слоў, у рэгіёне пачалі абуджацца кадры, але пра працу губернатара пакуль нешта сказаць складана, бо ён займае гэтую пасаду не так шмат часу.

"Не хапае выканання і дысцыпліны, паваротлівасці. Калі ласка, актывізуйцеся, — сказаў Лукашэнка. — На тэрыторыі Мінскай вобласці ў вёсцы я сам жыву, таму для мяне нескладана паглядзець на працу не толькі Лагойскага, Дзяржынскага або Смалявіцкага раёнаў, але і далей".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў кіраўнікам мясцовых органаў улады аб сур'ёзнай адказнасці за карупцыю. Гэтае пытанне зноў набыло актуальнае гучанне пасля таго, як былі затрыманыя кіраўнікі Пухавіцкага раёна і Жодзіна, падкрэсліваецца ў паведамленні. Паводле слоў Лукашэнкі, дзве службовыя асобы былі затрыманыя за бясспрэчныя парушэнні.

"Пакуль на стол мне не пакладуць вычарпальныя факты, ніхто да вас дакрануцца не можа. Вы знаходзіцеся ў кадравым рэестры прэзідэнта і, натуральна, пад абаронай прэзідэнта. Аднак калі толькі я бачу канкрэтныя правапарушэнні, асабліва звязаныя з хабарамі і іншымі праявамі карупцыі, значыць, множце на два як мінімум", — заявіў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239