Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/988508_988509/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 02:46
15.01.2019 13:27 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка прызначыў новага памочніка па Гродзенскай вобласці

Мінск, 15 студзеня. Памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Гродзенскай вобласці 15 студзеня прызначаны Іван Лаўрыновіч, які да цяперашняга часу кіраваў Лёзненскім райвыканкамам. Аб гэтым паведамляецца ў навінах тэлеканала ОНТ.

Лаўрыновіч нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Панфілаўшчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Вялікалуцкую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, у 2004-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

У канцы 2009 года займаў пасаду намесніка старшыні па галіновым будаўніцтве камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Затым быў прызначаны старшынёй Лёзненскага райвыканкама.

Папярэдні памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка ў маі 2018 года быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ з доказамі злачынства пры вымагальніцтве і атрыманні хабару ў памеры 200 тысяч долараў. Распачата крымінальная справа, абвінавачваны знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

5 чэрвеня 2018 года Раўнейка быў вызвалены ад пасады "за здзяйсненне правіннасці, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе". Каментуючы затрыманне памочніка, Лукашэнка заявіў, што "ён паводзіў сябе, як сапраўдны бандыт". "Ён трапіў у поле зроку больш за паўтара гады таму. Скажу шчыра, тут перш за ўсё спрацавалі дэкларацыі аб даходах. Калі вывучэнне ішло кадравае, я задаў пытанне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка. Не можа звычайны чыноўнік і яго сям'я так жыць. Але падазрэнне падазрэннем, нейкія былі факты. Мы бачылі, што, размаўляючы з бізнесменамі, як паніч. Некаторыя бізнесмены звязаны з чыноўнікамі, дык чыноўнік нешта ім робіць. А гэты, дапусцім, каб у Гродзенскай вобласці тытунём гандлявалі , кажа: вы мне плаціце за гэта. Паводзіў сябе як злачынец, самы сапраўдны бандыт. Гэта мяне здзівіла", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239