Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/988514_988515/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 02:50
15.01.2019 13:45 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка запэўніў міністра нацыянальнай абароны Турцыі ў надзейнасці дружбы з Беларуссю

Мінск, 15 студзеня. Беларусь заўсёды была "надзейным сябрам Турцыі" і застанецца прыхільнай да гэтага курсу. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 студзеня на сустрэчы з міністрам нацыянальнай абароны Турцыі Хулусі Акарам.

"Мы заўсёды былі надзейнымі сябрамі і партнёрам вашай краіны. Мы заўсёды імкнуліся рабіць так, як лепш для Турцыі. І вы павінны ведаць, што мы будзем адданыя гэтаму курсу як у эканоміцы, гандлі, так і ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"Мне прыемна сустрэцца з чалавекам, які закліканы шмат у чым вызначаць як унутраную, так і знешнюю палітыку Турэцкай Рэспублікі ў сувязі з той сітуацыяй, якая складваецца ў вашым рэгіёне", — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у Беларусі вельмі ўважліва назіраюць за дзеяннямі ўзброеных сіл Турцыі. Лукашэнка адзначыў, што высока ацэньвае эфектыўнасць і планавасць дзеянняў турэцкай арміі. "Мы разумеем, вам вельмі няпроста, на вас ажыццяўляецца проста масіраваны націск вельмі моцных дзяржаў. Але я думаю, што народ Турцыі — гэта мужныя людзі, і яны справяцца ў гэтых умовах з тымі праблемамі, якія сёння не толькі ўнутры Турцыі, але навязваюцца і прыўносяцца звонку", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка перадаў "самыя добрыя пажаданні турэцкаму лідару Рэджэпу Таіпу Эрдагану" і выказаў надзею, што яго краіна "зможа пераадолець усе цяжкасці і насуперак усяму падняцца яшчэ на адну ступень развіцця".

Міністр нацыянальнай абароны Турцыі звярнуў увагу, што яго дэлегацыя даўно планавала наведаць Беларусь, аднак з-за ўмоў надвор'я візіт адкладаўся. Хулусі Акар перадаў Лукашэнку словы прывітання ад прэзідэнта Турцыі і запрашэнне ажыццявіць афіцыйны візіт у яго краіну "ў самы найбліжэйшы час".

Турэцкія ўлады плануюць у найбліжэйшы час правесці аперацыю па знішчэнні тэрарыстаў на 500-кіламетровым участку турэцка-сірыйскай мяжы. Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў Турцыі санкцыямі, калі яна здзейсніць напад на сірыйскіх курдаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239