Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/988575_988576/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:14
15.01.2019 16:48 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Праграмы школ і ВНУ трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд

Мінск, 15 студзеня. Навучальныя праграмы школ і ВНУ трэба "рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд", заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня пры ўзгадненні прызначэння на пасаду рэктара Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (Магілёў) Міхаіла Лусцянкова, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"У нас часам ужо ў восьмым-дзявятым класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ, — адзначыў ён. — Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур'ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністр гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністр".

Лукашэнка пацікавіўся адрозненнямі ў падрыхтоўцы бакалаўраў і магістрантаў у Беларусі і Расіі. Лусцянкоў сказаў, што ў Расіі бакалаўрыят разглядаецца як "першая ступень вышэйшай адукацыі, а магістратура стала другой", што, на яго погляд, нерацыянальна, бо "затрачваецца больш часу на падрыхтоўку спецыяліста".

"Першая ступень — чатыры гады. Там, па сутнасці, спецыяліст (бакалаўр) падрыхтаваны на ўзроўні тэхнікума. У нас сістэма больш аптымальная. У нашай ВНУ, напрыклад, магістратура разглядаецца як падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі", — растлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы ўхваліў такі падыход і падкрэсліў, што менавіта па такім прынцыпе і павінны рыхтаваць магістрантаў у беларускіх ВНУ. "Глядзіце, каб ні ў якім разе мы не запазычалі вось гэты вопыт, які пераняла Расія, і цяпер не ведае, што з ім рабіць. У магістратуру павінны ісці пераважна людзі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем. Усіх туды кагалам пасылаць не трэба", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, нярэдка маладыя людзі паступаюць у магістратуру "без асаблівых на тое прычын, дарма губляючы час". Ён падкрэсліў, што ў магістратуры любой ВНУ павінна быць "спецыяльная праграма, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў высокай кваліфікацыі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем".

"Гэта таксама трэба праверыць: якія праграмы ў магістратуры. У некаторых ВНУ (я ўжо атрымаў інфармацыю і займаюся гэтым) нейкая шліфоўка старой праграмы, якую яны прайшлі ў ВНУ. Гэта значыць цэлы год ідзе паўтор таго, што яны ўжо вывучылі. У лепшым выпадку паглыблены паўтор. Гэтага быць не павінна", — заявіў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239