Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/15/eu_988480_700145/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:43
15.01.2019 10:29 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Румас: Урад гатовы ўсямерна падтрымліваць венгерскія праекты ў Беларусі

Мінск, 15 студзеня. Урад гатовы ўсямерна падтрымліваць венгерскія праекты ў Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас 14 студзеня ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам, паведаміла прэс-служба ўрада.

Найперш гаворка ідзе аб арыентаваных на рынак Еўрасаюза праектах, а таксама тых, што падтрымліваюць кітайскую ініцыятыву новага Шаўковага шляху, адзначыў кіраўнік Саўміна.

На думку Румаса, высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння Беларусі і Венгрыі павінен падмацоўвацца эканамічнымі праектамі. Напрыклад, у Беларусі шмат гадоў працуе фармацэўтычная кампанія "Гедэон Рыхтэр", у 2017 годзе на тэрыторыі Венгрыі створанае сумеснае прадпрыемства ў будаўнічай галіне. "Разлічваем, што гэтыя праекты не будуць адзінымі ў нашых адносінах, і чакаем новых прапаноў з венгерскага боку", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Петэр Сіярта прапанаваў абмеркаваць шэраг такіх праектаў, у тым ліку ў фармацэўтычнай прамысловасці. "Гэтую сферу мы лічым стратэгічна важнай", — падкрэсліў ён.

Падчас перамоў Румас сказаў, што ўрад Беларусі надае вялікае значэнне адносінам з Венгрыяй ва ўсіх сферах. "Асновай нашага ўзаемадзеяння мы бачым перш за ўсё эканамічны складнік, — адзначыў ён. — Мяркую, прыйшоў час павышаць узровень нашага ўзаемадзеяння. Мы дамаўляліся ў кастрычніку на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Венгрыі, што ён наведае ў лютым Беларусь".

Румас прапанаваў абмеркаваць тэрміны гэтага візіту і яго напаўненне канкрэтнымі мерапрыемствамі.

Тавараабарот Беларусі і Венгрыі ў студзені—лістападзе 2018 года вырас на 8% да 179,3 млн долараў. Аб'ём гандлю паслугамі ў студзені—кастрычніку 2018 года павялічыўся на 21,7% да 16,3 млн, аснову склалі транспартныя, камп'ютарныя і турыстычныя паслугі. У Беларусі дзейнічаюць восем прадпрыемстваў з венгерскім капіталам.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН