Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/16/988746_257410/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:10
16.01.2019 16:19 Эканоміка, Грамадства

Прадстаўнікі бізнесу выступаюць супраць заканадаўчай ініцыятывы аб добраўпарадкаванні тэрыторый, якія ім не належаць

Мінск, 16 студзеня. Прадстаўнікі бізнесу выступаюць супраць заканадаўчай ініцыятывы аб добраўпарадкаванні тэрыторый, якія ім не належаць.

Як адзначае прэс-служба Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН), Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь". У прыватнасці, новыя варыянты артыкулаў 43, 44 і 45 даюць мясцовым органам улады права абавязваць суб'екты гаспадарання і грамадзян за ўласны кошт добраўпарадкоўваць прылеглыя да іх участкаў тэрыторыі, гэта значыць землі, якія не знаходзяцца ва ўласнасці або арэндзе ў гэтых суб'ектаў. Акрамя таго, у праекце няма азначэння прылеглай тэрыторыі і незразумела, што лічыць добраўпарадкаваннем.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая звярнулася ў БСПН з просьбай выказаць меркаванне аб гэтай заканадаўчай ініцыятыве. Адначасова ў лісце парламентарый выказала асцярогу, што пашырэнне ўмяшання мясцовых органаў улады ў дзейнасць суб'ектаў гаспадарання можа негатыўна паўплываць на бізнес-клімат, знізіць інвестыцыйную прывабнасць краіны.

Разгледзеўшы зварот дэпутата і вывучыўшы папраўкі ў закон "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь", эксперты БСПН прыйшлі да высновы, што змены ў названых артыкулах супярэчаць Канстытуцыі, Грамадзянскаму кодэксу, а таксама самому закону аб мясцовым самакіраванні.

На думку БСПН, ініцыятыва не будзе падтрыманая і насельніцтвам. У прыватнасці, у адпаведнасці з арт. 56 Канстытуцыі грамадзяне абавязаныя браць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Згодна з арт. 58, ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Асноўным законам і іншымі законамі. Устанаўленне мясцовых падаткаў і збораў аднесенае да выключнай кампетэнцыі мясцовых саветаў дэпутатаў (арт. 121). Пры гэтым Асноўны закон не даў ім права на ўсталяванне "некантраляваных памераў пабораў" з суб'ектаў гаспадарання і грамадзян.

У арт. 2 Грамадзянскага кодэкса ўстаноўленая сістэма прынцыпаў, якія вызначаюць і рэгламентуюць грамадзянскія адносіны. Усе ўдзельнікі грамадзянскіх адносін, у тым ліку дзяржава, яе органы i службовыя асобы, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (прынцып вяршэнства права). Умяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца (прынцып недапушчальнасці адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы). Удзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Яны вольныя ва ўсталяванні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дагавора і ў вызначэнні любых умоў дагавора, якiя не супярэчаць заканадаўству.

У адпаведнасці з арт. 56 закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" грамадзянска-прававыя адносіны саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў з іншымі арганізацыямі будуюцца на дагаворнай аснове. Эксперты БСПН лічаць, што ад прапанаваных дапаўненняў у артыкулы 43, 44 і 45 закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" неабходна адмовіцца.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН