Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988841_988842/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2019 13:19
17.01.2019 12:06 Грамадства, Фінансы

У банкаў запыталі звесткі аб карупцыі

Мінск, 17 студзеня. Нацыянальны банк Беларусі запытаў у камерцыйных банкаў звесткі аб карупцыйных злачынствах за 2018 год. Адказаць на запыт рэгулятара банкам даручана да канца студзеня.

У лісце, які разасланы банкам, рэгулятар цікавіцца звесткамі аб службовых асобах банкаў, прыцягнутых да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне карупцыйных (эканамічных) злачынстваў па прыгаворах судоў, якія набылі моц.

Акрамя таго, Нацбанк запытаў звесткі пра факты невыканання службовымі асобамі банкаў антыкарупцыйных абмежаванняў, устаноўленых заканадаўствам.

Рэгулятар таксама просіць даць звесткі пра работнікаў банкаў, што накіроўваліся ў 2018 годзе на курсы павышэння кваліфікацыі, у праграму якіх уключаны пытанні выканання антыкарупцыйнага заканадаўства.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у мінулым годзе шматлікія беларускія банкі па рэкамендацыі Нацбанка прынялі прэвентыўныя антыкарупцыйныя меры. Напрыклад, назіральны савет Банка развіцця зацвердзіў палітыку інфармавання кіраўніцтва аб парушэннях у фінансавай арганізацыі "з мэтай павышэння якасці карпаратыўнага кіравання". Дакумент вызначае асноўныя задачы і прынцыпы па недапушчэнні ўцягвання банка і яго работнікаў у незаконную і супрацьпраўную дзейнасць. У Банку развіцця запрацавала лінія даверу і любы работнік, а таксама кліент, контрагент "ці іншая асоба, якая сутыкнулася з незаконнымі альбо неэтычнымі дзеяннямі ў дзейнасці Банка развіцця", зможа паведаміць пра гэта ўпаўнаважаным асобам.

Аналагічную службу даверу ўкараніў у 2018 годзе і найбуйнейшы камерцыйны банк краіны — "Беларусбанк". Ён прапанаваў асобам, якім стала вядома аб правапарушэннях, паведамляць гэту інфармацыю па электроннай пошце службовай асобы, адказнай за ўнутраны кантроль, а таксама прадстаўніку назіральнага савета.

Варта адзначыць, што ў 2017 годзе адбылося некалькі гучных судовых пасяджэнняў, па выніках якіх былыя топ-менеджары "Беларусбанка" былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў.

У верасні былы першы намеснік старшыні праўлення "Беларусбанка" Генадзь Гаспадарык быў прыгавораны да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі, а намеснік дырэктара дэпартамента па працы з каштоўнасцямі гэтага банка Мікалай Цырто — да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Гаспадарык абвінавачваўся ў атрыманні хабараў на суму большую за 215 тыс. долараў, а таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле дадзеных следства, ён атрымліваў "адкаты" ад кампаній, якія ў наступным перамагалі ў конкурсах на пастаўку банкаўскага абсталявання. Тыя ж абвінавачанні плюс дача хабару былі выстаўленыя Мікалаю Цырто, які, паводле дадзеных следства, атрымаў каля 500 тыс. долараў у якасці незаконнай узнагароды.

У кастрычніку 2017 года былы выканаўчы дырэктар "Беларусбанка" Анатоль Багавік быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і штрафу ў 500 базавых велічынь (11,5 тыс. рублёў). Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН