Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988845_458712/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:43
17.01.2019 13:08 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту Зімбабвэ рэалізаваць чатыры-пяць праектаў, "якія б убачыў увесь зімбабвійскі народ"

Мінск, 17 студзеня. Беларусь прапануе Зімбабвэ пабудаваць стратэгію і канкрэтны план развіцця супрацоўніцтва на перспектыву, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня на сустрэчы з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не можа на глыбокай аснове будаваць супрацоўніцтва з усімі краінамі Афрыкі, таму спрабуе знайсці тых, з кім бы магла выбудаваць стратэгічнае партнёрства.

"Мы вельмі эфектыўна супрацоўнічаем з краінамі Паўночнай Афрыкі, перш за ўсё нашым дружалюбным партнёрам Егіптам, Алжырам, іншымі краінамі, — сказаў Лукашэнка. — У Цэнтральнай Афрыцы мы супрацоўнічаем з даўніх часоў з Суданам. Мы хацелі б мець вельмі цеснае супрацоўніцтва і з дзяржавамі Паўднёвай Афрыкі. Мы наведалі многія краіны Афрыкі і бачым вялікі фронт працы для Беларусі ў Зімбабвэ".

Паводле яго слоў, бакі добра ведаюць магчымасці адзін аднаго, але на шляху развіцця адносін ёсць пэўныя складанасці. "Не пераадолець гэтыя цяжкасці могуць толькі тыя, хто не спрабуюць гэта зрабіць. Калі мы паставім перад сабой мэту пераадолець цяжкасці, якія ёсць у адносінах паміж нашымі дзяржавамі, мы абавязкова рэалізуем праекты, якія мы ўжо сёння бачым", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Зімбабвэ зараз перажывае нялёгкія часы, як і Беларусь у свой час — больш за 20 гадоў таму. Лукашэнка падкрэсліў, што падобныя складаныя этапы праходзіць любая дзяржава, якая спрабуе рэфармаваць, удасканаліць і пабудаваць уласную эканоміку і грамадства. "Мы вельмі перажываем за вас і хацелі б, каб вы як мага хутчэй пераадолелі ўсе ўнутрыпалітычныя і ўнутрыэканамічныя складанасці. І вы павінны памятаць, што мы ўсяляк будзем гэтаму спрыяць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што з вялікім задавальненнем наведае Зімбабвэ, але заявіў аб неабходнасці перад гэтым дамовіцца і рэалізаваць там чатыры-пяць канкрэтных праектаў. "Такіх праектаў, якія б убачыў увесь зімбабвійскі народ", — сказаў Лукашэнка.

Мнангагва ў сваю чаргу адзначыў, што паміж Беларуссю і Зімбабвэ склаліся вельмі цесныя і добрыя ўзаемаадносіны."З часу майго апошняга візіту ў Рэспубліку Беларусь, які адбыўся каля чатырох гадоў таму, мы пастаянна падтрымлівалі цесныя сувязі. І я вельмі рады, што ў нас ёсць такія адкрытыя і прамыя кантакты, — сказаў ён. — Паміж нашымі краінамі склаліся вельмі цесныя і добрыя ўзаемаадносіны. Мая адміністрацыя і народ Зімбабвэ ў цэлым разглядаюць Рэспубліку Беларусь як брацкую краіну".

Мнангагва падкрэсліў, што Зімбабвэ на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў зведвае розныя эканамічныя санкцыі, краіна фактычна была ізаляваная.

"У выніку санкцый наша нацыянальная валюта абрынулася. Нам давялося адысці ад выкарыстання нацыянальнай валюты і ў лютым 2009 года распрацаваць так званы пакет валют, у яго былі ўключаныя брытанскі фунт стэрлінгаў, еўра, долар ЗША і іншыя, — расказаў ён. — Першапачаткова на долар ЗША прыпадала прыблізна 40%, яшчэ столькі ж прыпадала на валюту адной з афрыканскіх рэспублік. Астатнія 20% былі размеркаваныя паміж іншымі валютамі. Аднак з часам сітуацыя змянілася, і долар стаў дамінаваць у Зімбабвэ. Сёння на яго прыпадае прыкладна 90% усіх транзакцый".

Мнангагва падзякаваў Лукашэнку за аказаны яму і членам дэлегацыі цёплы прыём, а таксама за падтрымку яго краіны ў гэтыя нялёгкія для яе часы, паведамляе прэс-служба.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН