Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988862_478822/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:40
17.01.2019 14:25 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы гатовыя да прадметнага абмеркавання напрамкаў узаемадзеяння для пашырэння ўзаемавыгаднага партнёрства з Зімбабвэ

Мінск, 17 студзеня. Беларусь імкнецца да паступовага выхаду на стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва з Зімбабвэ і бачыць значны патэнцыял у развіцці двухбаковых адносін, заявіў Аляксандр Лукашэнка на перамовах у пашыраным складзе з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам 17 студзеня ў Мінску.

"Зімбабвэ з'яўляецца нашым важным партнёрам у Паўднёва-Афрыканскім рэгіёне, і мы імкнемся да паступовага выхаду на высокі стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Цяпер адносіны паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца. Аднак значны патэнцыял узаемадзеяння шмат у чым яшчэ не рэалізаваны. У найбліжэйшыя гады нам трэба гэта зрабіць, асабліва ў сферах гандлю і эканомікі".

Лукашэнка выказаў перакананне, што візіт Мнангагвы надасць імпульс развіццю двухбаковых адносін. "Вы вельмі ёміста вызначылі шлях развіцця краіны, заявіўшы сусветнай супольнасці, што Зімбабвэ адкрытае для бізнесу. Мяркуем, што такі падыход станоўча адаб'ецца на рэалізацыі беларуска-зімбабвійскіх сумесных праектаў, — адзначыў Лукашэнка. — Як мяне інфармуюць, вы паставілі перад сабой задачу за кароткі тэрмін вывесці краіну на пазіцыі лідараў ў Афрыцы па тэмпах эканамічнага росту".

Беларускі афіцыйны лідар лічыць, што ў Зімбабвэ ёсць усё неабходнае для хуткага эканамічнага росту і рашэння першачарговых праблем, для таго, каб апрануць і накарміць людзей. "Беларусы гатовыя вам у гэтым дапамагчы. Тым больш, вы ведаеце, мы гэта ўмеем рабіць", — сказаў Лукашэнка.

Як адзначана падчас перамоў, Беларусь зацікаўленая ў пастаўках на зімбабвійскі рынак грузавой, аўтобуснай і кар'ернай тэхнікі, іншага абсталявання для горназдабыўной галіны, трактароў, харчовай прадукцыі. Заяўлена пра гатоўнасць абмеркаваць перспектывы беларускага ўдзелу ў сумесных праектах у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, энергетыцы, геолагаразведцы, здабычы карысных выкапняў. Паводле звестак беларускага боку, у 2018 годзе заключаныя некалькі шматмільённых кантрактаў на экспарт у Зімбабвэ беларускай тэхнікі пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Беларусі і Рэзервовага банка Зімбабвэ. Чакаецца, што пасля ўзгаднення ўсіх працэдур пачнуцца пастаўкі ў адпаведнасці з гэтымі дамоўленасцямі.

Паводле слоў Лукашэнкі, важкім унёскам ва ўмацаванне двухбаковых адносін могуць стаць будаўніцтва ў Зімбабвэ мяса-малочных комплексаў, вырошчванне і перапрацоўка агародніны. Вызначаныя таксама кірункі супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Гаворка ідзе аб развіцці транспартнай інфраструктуры Зімбабвэ і стварэнні там транспартна-лагістычнага цэнтра.

"Шырокія магчымасці для ўзаемадзеяння нашых краін даюць унікальныя ландшафтна-прыродныя, мінеральна-сыравінныя, рэкрэацыйныя рэсурсы Зімбабвэ, — адзначыў Лукашэнка. — Таму перспектыўным можа стаць удзел беларускіх кампаній ва ўзвядзенні гідраэнергетычных аб'ектаў, будаўніцтве пад ключ электрастанцыі на сонечных панэлях, геолагаразведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў".

Ён таксама звярнуў увагу на актыўнае развіццё ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы. Дасягнутыя дамоўленасці аб абмене паміж ВНУ, атрыманні грамадзянамі Зімбабвэ вышэйшай і паслядыпломнай адукацыі ў Беларусі. Вядучыя арганізацыі аховы здароўя Беларусі могуць даць грамадзянам Зімбабвэ высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу. "Нашы дасягненні ў нейрахірургіі, артапедыі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі, рэабілітацыі вядомыя далёка за межамі Беларусі", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што стварэнне беларуска-зімбабвійскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве магло б лепш стымуляваць рэалізацыю планаў. Ён адзначыў, што для хуткай і якаснай працы над інвестыцыйнымі і сумеснымі праектамі неабходныя прамыя кантакты і наладжаныя камунікацыі паміж міністэрствамі, арганізацыямі і кампаніямі. "Варта выказваць максімальную ўвагу да прапаноў, што паступаюць з абодвух бакоў. Толькі так мы здолеем дамагчыся жаданага выніку", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дзелавыя колы, асацыяцыі бізнесменаў, гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх дзяржаў таксама павінны стаць важнымі элементамі ў працэсе фармавання новых сумесных праектаў.

"Беларусь адкрытая для дыялогу па ўсіх пытаннях. Мы гатовыя да прадметнага абмеркавання напрамкаў узаемадзеяння для павелічэння двухбаковага тавараабароту і пашырэння ўзаемавыгаднага партнёрства. Хачу падкрэсліць: для Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Зімбабвэ", — сказаў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН