Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988863_988864/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 07:41
17.01.2019 13:56 Палітыка, Эканоміка

Пасол Расіі: Беларусь заявіла пра гатоўнасць да пераходу на наступны ўзровень інтэграцыі, які прадугледжвае роўныя ўмовы гаспадарання

Мінск, 17 студзеня. Беларусь заявіла пра гатоўнасць да пераходу на наступны ўзровень інтэграцыі з Расіяй, які прадугледжвае роўныя ўмовы гаспадарання, але для гэтага неабходна далейшае выкананне Саюзнай дамовы. Пра гэта пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч заявіў 17 студзеня ў эфіры тэлеканала "Россия 24".

"На сучасным этапе нашы партнёры паставілі пытанне аб тым, што яны гатовыя да пераходу на наступны ўзровень інтэграцыі, які прадугледжвае стварэнне роўных умоў гаспадарання", — сказаў дыпламат.

Для гэтага, падкрэсліў Бабіч, неабходна правесці вялікую працу па ўніфікацыі заканадаўства ў эканамічнай, прамысловай, ваеннай і тэхнічнай палітыцы. "І каб прыйсці да гэтых рашэнняў, трэба выконваць Саюзную дамову", — дадаў ён.

"Роўныя ўмовы гаспадарання — на самай справе, гэта роўныя канкурэнтныя ўмовы для ўсіх суб'ектаў эканомікі, як расійскіх, так і беларускіх. Гэта азначае роўны доступ да паліўна-энергетычных рэсурсаў, бюджэтных субсідый, бюджэтных крэдытаў. Для таго каб перайсці на роўныя ўмовы гаспадарання, неабходна прыняць цэлы шэраг рашэнняў, якія былі прадпісаны Саюзнай дамовай", — удакладніў Бабіч.

У сувязі з гэтым, нагадаў ён, створаны рабочыя групы.

Вынікам перамоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі ў канцы снежня ў Крамлі, стала дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў. З расійскага боку яе ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, з беларускага — міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

Афіцыйна ў Беларусі распараджэнне прэм'ер-міністра аб стварэнні рабочай групы з'явілася толькі 10 студзеня. У яе склад увайшлі тры дзясяткі чалавек — кіруючых чыноўнікаў з розных міністэрстваў і ведамстваў, КДБ, КДК, Нацыянальнага банка і Акадэміі навук, а таксама Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Згодна з дакументам, рабочая група будзе выпрацоўваць прапановы аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі і ўносіць іх у Савет міністраў, пры неабходнасці — з праектамі нарматыўных прававых актаў. Да ўдзелу ў працы могуць прыцягвацца прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду. Рабочай групе таксама неабходна забяспечыць узаемадзеянне з створанай у Расійскай Федэрацыі рабочай групай па пытаннях расійска-беларускіх адносін.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН