Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988910_147852/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 00:54
17.01.2019 16:30 Грамадства, Эканоміка

Былы дырэктар мінскага Палаца спорту абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў буйным памеры

Мінск, 17 студзеня. Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога дырэктара культурна-спартыўнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Палац спорту".

Як паведамляе прэс-служба ведамства, згодна са звесткамі следства, 58-гадовы кіраўнік з 2012-га па 2018 год атрымліваў ад прадстаўнікоў розных суб'ектаў гаспадарання ў якасці хабару грошы за станоўчае вырашэнне пытанняў аб арэндзе памяшканняў і абсталявання прадпрыемства.

У лютым 2018 года пры спробе атрымання чарговага хабару ў 2 тыс. рублёў ён быў затрыманы супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

У мэтах усталявання абставінаў здзяйснення злачынстваў следчымі дапытаныя сведкі, вывучаная бухгалтарская дакументацыя, далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы запісы камер відэаназірання, якія адлюстроўваюць абставіны здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Пры ўсталяванні маёмасці, здабытай злачынным шляхам, а таксама ў мэтах кампенсавання ўрону следчымі накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага больш як на 370 тыс. рублёў.

Паводле вынікаў расследавання ўстаноўленыя 178 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці мужчыны: атрымання хабару, махлярства і іншыя. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, агульная сума незаконна атрыманых узнагароджанняў склала больш за 78 тыс. Рублёў.

Дзеянні службовай асобы кваліфікаваныя следствам па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у буйным памеры), ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 430 (замах на атрыманне хабару), ч. 5 арт. 16, ч. 2 арт. 431 (падбухторванне да давання хабару), ч. 1 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), чч. 2 і 3 арт. 209 (махлярства, здзейсненае паўторна, у буйным памеры).

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

У лютым 2018 года быў адхілены ад пасады міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, які ўзначальваў міністэрства з 2012 года. Прычынай адхілення стала "непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамных арганізацыях". Звальненне Шамко было звязанае з затрыманнем паводле падазрэння ў атрыманні хабару дырэктара мінскага Палаца спорту Сяргея Прановіча. "Нядаўна такія (карупцыйныя. — БелаПАН.) злачынствы былі выяўленыя ў Палацы спорту. Яго кіраўнік браў хабар ад ахвотных арандаваць плошчы для продажу тавараў. Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся", — растлумачыў сваё рашэнне аб адстаўцы міністра Аляксандр Лукашэнка 16 лютага.

Ён дадаў: "Мяне праінфармавалі. Я кажу: "Давайце, мужыкі, каб не было крыўдаў, чалавека трэба з доказамі злачынства ўзяць". І яны зафіксавалі там дзясяткі гэтых хабараў за паўгода. Пасадзілі ў турму, а міністра — на вуліцу. Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239