Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988918_478885/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:35
17.01.2019 16:39 Грамадства, Спорт

Футбаліст клуба "Крумкачы" асуджаны на дзевяць гадоў калоніі за наркотыкі

Мінск, 17 студзеня. Футбаліст мінскага клуба "Крумкачы" Алег Дыбаль асуджаны на дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці на падставе ч. 3 арт. 328 КК (незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка ці незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў, учыненыя групай асоб).

Як паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда, такое рашэнне прынятае 17 студзеня судом Партызанскага раёна Мінска.

"Абвінавачаны, дзейнічаючы ў групе асоб паводле папярэдняй змове, маючы намер на незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры, з карыслівай мэтай, незаконна з мэтай збыту набыў альфа-PVP масай не менш за 47,35 грама, амфетамін (фенамін) масай не менш за 8,91 грама, гэта значыць у буйным памеры, пасля чаго неўсталяваную частку вышэйназванага рэчыва ўжыў самастойна і, працягваючы свае злачынныя дзеянні, знаходзячыся ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманных рэчываў, частку названага рэчыва незаконна з мэтай збыту працягнуў захоўваць пры сабе па месцы жыхарства да моманту затрымання", — адзначаецца ў рэлізе.

Прысуд у законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Дыбаль быў затрыманы 9 кастрычніка 2018 года. 11 кастрычніка футбольны клуб выступіў з заявай у сувязі з затрыманнем паўабаронцы каманды. "Стала вядома аб затрыманні футбаліста "Крумкачоў" Алега Дыбаля. Партызанскі раённы аддзел Следчага камітэта РБ выстаўляе яму незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Футбольны клуб "Крумкачы" заўсёды негатыўна ставіцца да любых формаў супрацьпраўных дзеянняў. Клуб гатовы да супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, калі гэта спатрэбіцца. Аднак да таго часу, пакуль віна не будзе даказаная, мы не можам казаць пра ўдзел Алега Дыбаля ў тым ці іншым правапарушэнні. Клуб будзе падтрымліваць футбаліста ў сітуацыі, якая склалася", — гаварылася ў заяве.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН