Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/17/988933_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:53
17.01.2019 17:24 Палітыка, Грамадства

Human Rights Watch: У Беларусі ў 2018 годзе ўзмацніўся націск улад на журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў

Мінск, 17 студзеня. У 2018 годзе грамадзянскія актывісты, адвакаты, праваабарончыя групы і незалежныя СМІ ў Беларусі па-ранейшаму адчувалі націск з боку ўладаў, гаворыцца ў штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

"Дзясяткі журналістаў зазналі судовы пераслед пад рознымі адвольнымі падставамі, былі ўведзеныя дадатковыя абмежаванні на свабоду выказвання меркаванняў у інтэрнэце", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны нагадваюць, што ў жніўні была распачатая крымінальная справа ў сувязі з выкарыстаннем карэспандэнтамі шэрагу выданняў пароляў дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА для атрымання бясплатнага доступу. "Гэтак жорсткая мера давала падставы меркаваць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую падставу для пакарання непажаданых СМІ, — падкрэслівае HRW. — Былі праведзеныя вобшукі ў рэдакцыях БелаПАН, tut.by і яшчэ некалькіх СМІ, у тым ліку дзяржаўных, а таксама на кватэрах некалькіх журналістаў. Як мінімум 18 журналістаў былі арыштаваныя па абвінавачванні ў "несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі". Да 10 жніўня ўсіх адпусцілі".

Крымінальны пераслед у дачыненні да 14 фігурантаў справы быў спынены ў лістападзе 2018 года пасля таго, як яны пакрылі выстаўлены ўрон (ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў. — БелаПАН.) і заплацілі адміністрацыйны штраф. Адзінай абвінавачванай застаецца галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, крымінальная справа ў дачыненні да якой перададзеная ў суд Заводскага раёна Мінска.

У дакладзе таксама гаворыцца, што ў 2018 годзе беларускія ўлады ўзмацнілі пераслед журналістаў-фрылансараў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Паводле звестак HRW, са студзеня па верасень было заведзена 85 спраў у дачыненні да 31 чалавека. Усе яны атрымалі штрафы ад 490 да 1.225 рублёў.

HRW таксама адзначыла вобшук у кватэры бацькоў блогера Сцяпана Святлова (NEXTA), абвінаваўчы прысуд публіцыстам расійскага выдання Regnum Юрыю Паўлаўцу, Дзмітрыю Алімкіну і Сяргею Шыпценку, затрыманне ў красавіку журналіста Дзмітрыя Галко, які ў далейшым быў асуджаны на чатыры гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, і крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у дачыненні да заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая. Пасля смерці Ліпая ў жніўні мінулага года крымінальная справа была закрытая.

У дакладзе адзначаецца блакаванне рэсурсаў "Беларускі партызан" і "Хартыя`97", а таксама прыняцце паправак у закон аб СМІ, якія патрабуюць ідэнтыфікацыі каментатараў на форумах і сайтах. HRW лічыць такое патрабаванне залішнім.

У дакладзе HRW адзначаецца, што Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. Пры гэтым сем`ям пакараных пра дату прывядзення прысуду ў выкананне і пра месца пахавання не паведамляюць.

Паводле звестак праваабаронцаў, у 2018 годзе як мінімум 110 чалавек былі затрыманыя міліцыяй у сувязі з мірнымі акцыямі, якія апазіцыя традыцыйна праводзіць на Дзень Волі ў Мінску і іншых гарадах 25 сакавіка. Напярэдадні мітынгу ў Мінску былі затрыманыя апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і арганізатары мерапрыемства Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і Максім Вінярскі. Ім быў прызначаны адміністрацыйны арышт да 10 сутак. Акрамя таго, былі затрыманыя сем членаў Беларускага Хельсінкскага камітэта і пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна" падчас назірання за мітынгам у цэнтры Мінска.

У дакладзе згадваецца прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці ЛГБТ-актывісткі Вікі Біран за адзіночны пікет па чарзе ля будынкаў урада, МУС і КДБ супраць асуджэння Міністэрствам унутраных спраў дзеянняў брытанскага пасольства, якое ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй вывесіла вясёлкавы сцяг. Біран была аштрафаваная па двух пратаколах на 735 рублёў.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што адказнасць за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі з Крымінальнага кодэкса была пераведзеная ў Адміністрацыйны. Пры гэтым улады "пад адвольнымі падставамі па-ранейшаму адмаўлялі ў рэгістрацыі незалежным групам і апазіцыйным партыям". У прыватнасці Мінюст у сёмы раз адмовіў у рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", спаслаўшыся на тэхнічныя недапрацоўкі ў заяве.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239