Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/18/989018_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 04:26
18.01.2019 09:45 Эканоміка, Фінансы

МВФ чакае стагнацыі эканомікі Беларусі з-за ўплыву падатковага манеўру

Мінск, 18 студзеня. Міжнародны валютны фонд лічыць, што ў выпадку адсутнасці кампенсацыі негатыўных наступстваў падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі могуць быць істотна ніжэйшымі за 2%.

У прэс-рэлізе МВФ, прысвечаным завяршэнню кансультацый фонду з беларускімі ўладамі па пытаннях макраэканамічнай палітыкі (праведзеных у межах артыкула IV статута фонду), ацэньваюцца перспектывы развіцця беларускай эканомікі.

Згодна з базавым прагнозам МВФ, рост ВУП Беларусі (пры адсутнасці ўнутраных і знешніх шокаў) можа скласці ў 2019 годзе 2,4%, у 2020-м — 2,8%, у 2021-м — 2,3%.

"Сярэднетэрміновыя перспектывы ў адсутнасць рашучых структурных рэформаў абмежаваныя, на іх адбіваюцца неспрыяльныя дэмаграфічныя фактары і слабы рост прадукцыйнасці. У гэтых умовах чакаецца, што сярэднетэрміновы рост складзе 2%, што абмяжуе збліжэнне з узроўнямі даходаў больш заможных суседніх краін", — прагназуе персанал МВФ.

Пры гэтым валютны фонд падкрэслівае, што такія сціплыя тэмпы росту беларускай эканомікі магчымыя толькі пры ўмове атрымання падтрымкі з боку Расіі.

Масква і Мінск вядуць зацяжныя, але пакуль безвыніковыя перамовы аб кампенсацыі Беларусі негатыўных наступстваў падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі. Беларускія ўлады ацэньваюць магчымыя страты ў 2019—2024 гады ў 10,5 млрд долараў.

"Гэтыя сціплыя прагнозы (па росце ВУП Беларусі. — БелаПАН.) абумоўленыя атрыманнем ад Расіі поўнай кампенсацыі за страты, выкліканыя новай расійскай сістэмай падаткаў на энергарэсурсы (так званы падатковы манеўр). Калі кампенсацыя апынецца далёка не поўнай (гэта асноўная рызыка для эканомікі Беларусі , якая існуе на дадзеным этапе), сярэднетэрміновы рост можа быць істотна меншым за 2%", — прагназуе МВФ.

Улічваючы вельмі абмежаваныя і невысокія тэмпы эканамічнага росту, дырэктарат валютнага фонду рэкамендуе беларускім уладам правесці структурныя рэформы, якія б дазволілі павысіць патэнцыял беларускай эканомікі і паскорыць тэмпы эканамічнага росту ў будучыні.

"Дырэктары падкрэслілі, што ажыццяўленне структурных рэформаў іграе ключавую ролю ў скарачэнні макраэканамічнай уразлівасці і павышэнні патэнцыялу росту", — гаворыцца ў паведамленні МВФ.

У сувязі з гэтым валютны фонд рэкамендуе правесці рэформу сектара дзяржпрадпрыемстваў "за кошт правядзення планамернай ацэнкі жыццяздольнасці дзяржаўных прадпрыемстваў на аснове аналізу рызык і наступнай распрацоўкі практычнага плана, які паслужыць асновай для рэструктурызацыі".

"Акрамя таго, дырэктары адзначылі неабходнасць умацавання сістэмы сацыяльнай абароны, з тым каб змякчыць наступствы рэструктурызацыі для ўразлівых груп насельніцтва. Асобна падкрэслівалася, што спрыянне дзейнасці прыватнага сектара за кошт паляпшэння дзелавога клімату і стварэння роўных умоў гаспадарання таксама будзе мець важнае значэнне", — падкрэсліваецца ў заяве МВФ.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН