Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/18/989025_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:42
18.01.2019 10:28 Спорт, Эканоміка

Лепшы беларускі экіпаж на "МАЗе" стаў шостым на ралі-рэйдзе "Дакар-2019"

Мінск, 18 студзеня. Беларускія гоншчыкі каманды "МАЗ-СПОРТаўта" завяршылі ралі-рэйд "Дакар-2019" у першай дзясятцы самых хуткіх грузавікоў. "МАЗ" Сяргея Вязовіча апынуўся шостым, экіпаж Аляксандра Васілеўскага заняў восьмае месца, а Аляксей Вішнеўскі завяршыў гонку на 11-м месцы, паведамілі ў прэс-службе ААТ "МАЗ".

Апошні заезд, як і чакалася, асабліва не паўплываў на становішча экіпажаў у турнірнай табліцы. Невялікі спецучастак даўжынёй 112 км гоншчыкі пераадолелі без асаблівых цяжкасцяў, не пакінуўшы шанцаў супернікам заняць іх пазіцыі. Аляксандр Васілеўскі паказаў восьмы час, Сяргей Вязовіч — дзесяты. Адыграць 14 хвілін у барацьбе за пятае месца экіпажу, на жаль, не ўдалося. Аляксей Вішнеўскі перадаў патрубак са сваёй машыны для грузавіка Вязовіча і тым самым ахвяраваў сваім вынікам на этапе, прыехаўшы ў ліку апошніх.

Чэмпіёнам стаў экіпаж "КАМАЗ-майстра", якім кіраваў Эдуард Мікалаеў. Ён апярэдзіў "МАЗ" на 6 гадзін 39 хвілін. На другім месцы — яго партнёр па камандзе Дзмітрый Сотнікаў, а замкнуў першую тройку галандзец Жэрар дэ Рой на Iveco. У пяцёрку ўвайшлі таксама аргентынец Федэрыка Вілагра і чэх Алеш Лопрайс.

Грузавік Васілеўскага адстаў ад пераможцы больш чым на 10 гадзін. Беларускі экіпаж праехаў ўсе этапы адносна роўна і без сур'ёзных інцыдэнтаў.

На МАЗе звяртаюць увагу, што больш за палову экіпажаў у класе грузавікоў сышлі з гонкі.

Гоншчыкі заяўляюць, што цяперашні "Дакар" стаў ледзь не самым складаным за час іх удзелу ў гэтым ралі-рэйдзе. Амаль усе няўдачы беларускай каманды абумоўленыя чалавечым фактарам. У пастках з пяску пабывалі ўсе тры беларускія экіпажы, але шчасліва з іх выбіраліся — альбо самі, альбо пры дапамозе партнёраў па камандзе.

"Трэба прызнаць, мы памыляліся. А вось тэхніка нас прыемна парадавала. "МАЗы" праявілі сябе як адны з самых цягавітых грузавікоў на планеце. Нават пасля сур'ёзных падзенняў у пясках яны працягвалі ехаць, пераадольваючы велізарныя выдмы. Цяжка ўявіць больш дасканалыя машыны", — лічыць Сяргей Вязовіч.

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" ўдзельнічала ў ралі-рэйдзе "Дакар" ужо ў восьмы раз. Сёлета марафон прайшоў па тэрыторыі толькі адной краіны — Перу. Ралі-рэйд заняў 11 дзён, а стартаваў і завяршыўся ў Ліме. Гоншчыкі пераадолелі каля 5 тыс. км па пустынях, горных скалах і высахлых рэчышчах рэк.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН