Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/18/989036_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:55
18.01.2019 11:44 Грамадства

У Беларусі спрошчаныя працэдуры для знаходжання і транзіту ў пагранічнай зоне

Мінск, 18 студзеня. У Беларусі спрошчаныя працэдуры для знаходжання і транзіту законапаслухмяных грамадзян у памежнай зоне і паласе.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржпагранкамітэта, набыў моц закон ад 9 студзеня 2019 года №168-З "Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях забеспячэння пагранічнай бяспекі". Для беларускіх грамадзян пашыраны пералік дакументаў, якія можна будзе прад'явіць пры знаходжанні ў памежнай зоне. Цяпер акрамя пашпарта грамадзянін пры праверцы дакументаў на свой выбар будзе мець права прад'явіць ваенны білет, вадзіцельскае або службовае пасведчанне. Замежныя грамадзяне змогуць без пропускаў ехаць транзітам праз памежную зону ў санаторыі, дамы адпачынку і наведваць аб'екты прыдарожнага сэрвісу.

"Такая лібералізацыя значна спрашчае парадак наведвання грамадзянамі памежнай зоны, дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы і дадатковыя ўмовы для ўключэння размешчаных у ёй зямель і аб'ектаў у гаспадарчы абарот, спрыяе павышэнню прывабнасці турыстычных аб'ектаў на прыгранічнай тэрыторыі", — адзначаецца ў паведамленні.

Закон таксама прадугледжвае шэраг навацый, якія дадуць магчымасць умацаваць памежную бяспеку. Супрацоўнікі органаў памежнай службы будуць вызначаць месцы ўезду або ўваходу ў памежную паласу, а таксама часовы прамежак, у які можна знаходзіцца за мяжой інжынерных збудаванняў і загарод. У межах пагранічнай паласы і зоны ўсталёўваюцца дадатковыя абмежаванні. Так, напрыклад, у межах пагранічнай паласы забараняецца выкарыстанне без узгаднення з памежнікамі аптычных прыбораў, таксама забараняецца пераадольваць інжынерныя збудаванні і загароды.

"Гэтая змена абумоўленая, у першую чаргу, актывізацыяй супрацьпраўнай дзейнасці на дзяржаўнай мяжы, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — У сувязі з гэтым перад органамі пагранічнай службы сур'ёзна паўстала пытанне неабходнасці арганізацыі дакладнага кантролю за фізічнымі асобамі, што знаходзяцца на рэжымнай тэрыторыі. Не сакрэт, што асобныя грамадзяне пад выглядам збору грыбоў, ягад, рыбалкі, пад выглядам турыстаў усё часцей наведваюць прылеглую да мяжы тэрыторыю для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці. Для процідзеяння пагранічнікам парушальнікі ўсё часцей выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя сродкі, у тым ліку біноклі, прыборы начнога бачання, цеплавізары, фотапасткі".

У Дзяржпагранкамітэце адзначаюць, што названыя новаўвядзенні "істотнага не паўплываюць на паўсядзённую жыццядзейнасць законапаслухмяных грамадзян, разам з тым прыняцце гэтых мер будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці выканання пастаўленых перад органамі памежнай службы задач".

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае магчымасць выкарыстання аўтаматычных сродкаў пагранічнага кантролю, што будзе актуальным пры выдачы грамадзянам Беларусі біяметрычных пашпартоў. Гэта так званыя "электронныя вароты", якія дазваляюць ажыццяўляць пагранічны кантроль без непасрэднага ўдзелу кантралёра. Такое абсталяванне ў парадку эксперыменту ўжо паспяхова выкарыстоўвалася ў нацыянальным аэрапорце Мінск, у выніку чаго зроблены вывад аб магчымасці яго ўкаранення. Прымяненне аўтаматычных сродкаў пры ажыццяўленні пагранічнага кантролю значна скароціць час, неабходны для яго праходжання.

Законам таксама ўрэгуляванае надзяленне мытных органаў паўнамоцтвамі па выкананні асобных функцый органаў памежнай службы, у тым ліку па ажыццяўленні пагранічнага кантролю. Перадача часткі функцый дасць магчымасць вызваліць каля сотні пасад у органах пагранічнай службы, якія будуць пераразмеркаваны ў падраздзяленні, што непасрэдна ахоўваюць мяжу на ўкраінскім і прыбалтыйскім участках, а таксама ў нацыянальны аэрапорт Мінск. "Ва ўмовах абмежаванага людскога рэсурсу ведамства гэта асабліва важна напярэдадні правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў, якія будуць забяспечваць у тым ліку і памежнікі", — гаворыцца ў паведамленні.

Прынятыя змены будуць спрыяць развіццю беларускага заканадаўства ў сферы дзяржаўнай памежнай палітыкі і арганізацыі пагранічнай бяспекі, абароне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў, адзначае прэс-служба.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН