Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/18/989122_147411/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2019 11:21
18.01.2019 17:34 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Пажар, які сёння палае ва Украіне, не павінен перакінуцца на Беларусь

Мінск, 18 студзеня. Украінскія падзеі не павінны паўтарыцца ў Беларусі. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 студзеня на сустрэчы з дзейным і былымі міністрамі замежных спраў краіны.

"Усе хочуць пагрэць рукі на Украіне. І пажар, які там палае сёння (ён невядома чым скончыцца), не павінен перакінуцца на Беларусь, — сказаў Лукашэнка. — Таму нам трэба тысячу разоў быць асцярожнымі, акуратнымі і ні ў якім разе не дапусціць унутранай дэстабілізацыі ў краіне. Падобна на тое, што пераважная большасць нашага насельніцтва і нават пераважная большасць нашай так званай апазіцыі разумеюць, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна". 

Кажучы пра ролю і намаганні Беларусі ў мірным вырашэнні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, Лукашэнка адзначыў: "Бяда ў нашых родных людзей. Прытым не мы ж былі ініцыятарамі гэтай пляцоўкі. Ініцыятарам была спадарыня Меркель (канцлер Германіі Ангела Меркель. — БелаПАН.). Гэта яна прапанавала сустрэцца ў Мінску. Я быў у Сочы разам з Пуціным, перамовы вёў у гэты час. І я ў той жа дзень паехаў, каб заўтра арганізаваць сустрэчу". 

Лукашэнка нагадаў, што ў выніку канфлікту ва Украіне Беларусь сутыкнулася з патокам бежанцаў і перасяленцаў — прыкладна 150 тысяч. Частка з іх ужо вярнуліся ў Украіну, а большасць засталіся ў Беларусі, і ім дадзеныя роўныя правы, паведаміў ён. 

"Апошнім часам нас пачалі папракаць, што мы запраўляем [украінскія] танкі дызельным палівам, — сказаў Лукашэнка. — Я даручыў разабрацца, якое там дызельнае паліва. Калі мне далажылі (я толькі што даведку другі раз прачытаў) — там жа ўсё дызельнае паліва расійскае. І расіяне пастаўляюць, пастаянна нарошчваючы аб'ёмы гэтых паставак — бензінаў і дызельнага паліва — ва Украіну. Дык як жа так? Мы ваюем з Украінай ці Расія? І хто запраўляе гэтыя танкі? А нашы аб'ёмы змяншаюцца. Нас проста выціскаюць з украінскага рынку. І не толькі па нафтапрадуктах. Гэтак жа па ўгнаеннях і іншых пазіцыях. Ідзе канкурэнцыя. А нас пачынаюць за гэта папракаць". 

Гаворачы аб папроках за тое, што з Украіны цераз Беларусь у Расію ідуць санкцыйныя тавары, Лукашэнка падкрэсліў, што гэта мізэрныя аб'ёмы. У любым выпадку, адзначыў ён, гаворка ідзе пра змыканне ўкраінскіх і расійскіх пастаўшчыкоў пры заступніцтве мытні і іншых службаў Расійскай Федэрацыі. "Беларусамі і не пахне там. Калі беларусы і патрэбныя, то нейкую прыватную структуру могуць прыцягнуць да гэтага, каб падказалі, як лепш праехаць па Беларусі", — сказаў Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, яму пастаянна дакладваюць аб масавым прытоку зброі з Украіны. "І што самае страшнае (нас расіяне часам папракаюць: вось, у вас там цераз мяжу...), цераз расійскую мяжу [з Украінай] ідуць, а потым да нас заходзяць цераз адкрытую беларуска-расійскую мяжу, — падкрэсліў Лукашэнка. — Зразумела, гэта камусьці трэба. Проста так жа вазіць не будуць з рызыкай. Яно некаму тут патрэбнае. І мы ўжо ўбачылі, каму яно патрэбнае было". 

Лукашэнка таксама заявіў: "Нам хапіла ад Украіны, і ці тое яшчэ будзе. Таму мы ўвязаліся ў гэты канфлікт, можна сказаць, па вушы. Будзе дрэнна, калі канфлікт зацягнецца. Зыходзячы з гэтых прагматычных мэтаў, мы проста займаем пэўную пазіцыю па ўкраінскім пытанні". 

Ён адзначыў, што Еўропа быццам бы занепакоілася з нагоды падзей у гэтым рэгіёне, увязаліся ў канфлікт і ЗША. "Я часта ўжо і публічна кажу: слухайце, такога падарунку, які мы паднеслі ў выглядзе Украіны Захаду, і перш за ўсё Амерыцы, і не снілася, — сказаў Лукашэнка. — Першы падарунак — развал Савецкага Саюза. Другі — Украіна. Чаго сёння амерыканцаў папракаць? І не дай бог там будуць пастаўленыя ракеты меншай і сярэдняй далёкасці (чаму цяпер гэты дагавор перакрэслілі фактычна). Да Урала абстрэльваецца цалкам малымі ракетамі ўся Расія. Дык трэба і з-за гэтай прычыны закрываць гэтую праблему". 

На думку беларускага кіраўніка, варта баяцца нават не таго, што на тэрыторыі Украіны будзе НАТА. "Там дастаткова людзей ва Украіне, якія будуць у дзесяць разоў горшыя за НАТА. Мы будзем маліцца калісьці, каб там НАТА было, а не людзі, якія сёння са стрэльбамі ходзяць. І я таксама кіраўніцтву Расіі давёў гэтую пазіцыю. Гэта таксама трэба разумець і бачыць", — заявіў Лукашэнка. 

Ён лічыць, што кожны на фоне канфлікту ва Украіне пераследуе свае мэты. У бакоў часам няма жадання зноў сабрацца і абмеркаваць праблемы бяспекі ў рэгіёне. "Нядаўна на мюнхенскай сустрэчы і наогул, сустракаючыся з амерыканцамі, еўрапейцамі — яны ўсюды гавораць, што хочуць міру ва Украіне, каб у Еўропе быў парадак. Я кажу: слухайце, давайце хоць збяромся ў рамках АБСЕ, абмяркуем праблемы. Не, не хочацца. У кожнага свае мэты", — сказаў Лукашэнка. 

Аналагічна і з ініцыятывай аб правядзенні новага міжнароднага перамоўнага працэсу "Хельсінкі-2", адзначыў ён. "Мне намякаюць ў Еўропе, што не трэба гэта ініцыяваць, гэта немагчыма, не трэба зараз, — растлумачыў Лукашэнка. — Зразумела. Вось пазіцыя Еўропы. Ім гэта не трэба. Хоць і тая ж Меркель, і іншыя, і былы прэзідэнт Францыі, магчыма, і дзейны разумеюць, што гэта ж у нашым доме пажар. Гэта ж палыхне. Сёння ўжо ўцягнутыя ў гэты канфлікт і Польшча (не толькі па нацыянальнай прыкмеце), і Венгрыя. Далей будзе горш. Трэба тушыць гэты пажар. Не — нейкая гульня..." 

Лукашэнка нагадаў, што калі толькі пачаўся канфлікт ва Украіне, беларускі бок прапанаваў пэўны план яго вырашэння, аднак ён не быў прыняты. "Калі пачаўся канфлікт, патэлефанавалі мне палякі адразу. Я кажу: добра, калі вас цікавіць план "дыктатара", мы можам прапанаваць. І ім сказаў: калі вы не прымеце гэты план, я буду лічыць, што вам не патрэбная нармалізацыя ва Украіне. Туск (Дональд Туск, прэм'ер-міністр Польшчы, зараз старшыня Еўрасавета. — БелаПАН.) са мной пагадзіўся. Яны не прынялі гэты план. І зараз сарамліва хаваюць вочы", — сказаў афіцыйны беларускі лідар.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН