Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/19/989184_989185/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:04
19.01.2019 11:56 Грамадства

Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім забітага мэра Гданьска і ўсяму польскаму народу

Мінск, 19 студзеня. Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду ў сувязі з абвешчанай у краіне агульнанацыянальнай жалобай пасля трагічнай смерці мэра Гданьска Паўла Адамовіча.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку пра тое, што ў выніку жудаснага злачынства пайшоў з жыцця кіраўнік польскага горада.

"У гэты дзень жалобы ад імя беларускага народа і ад сябе асабіста выказваю шчырыя спачуванні вам, родным і блізкім аднаго з найбольш паважаных муніцыпальных кіраўнікоў Польшчы, а таксама ўсяму польскаму народу", — падкрэсліў Лукашэнка.

Мэр Гданьска Павел Адамовіч быў паранены падчас дабрачыннага канцэрта ўвечары 13 студзеня. Калі ён быў на сцэне, туды забег раней судзімы 27-гадовы мясцовы жыхар і некалькі разоў ударыў мэра нажом. Злачынец пракрычаў у мікрафон, што гэта помста за нібыта несправядлівы турэмны тэрмін.

53-гадовы Адамовіч памёр у бальніцы 14 студзеня. Ён кіраваў Гданьскам 20 гадоў. На апошніх мясцовых выбарах, якія прайшлі ў мінулым годзе, ён заручыўся падтрымкай 65% насельніцтва.

У сувязі са смерцю Адамовіча прэзідэнт Польшчы прыняў рашэнне абвясціць нацыянальную жалобу з 17.00 18 студзеня да 19.00 19 студзеня.

У пасольстве Польшчы ў Беларусі будзе адкрыта кніга спачуванняў. Пакінуць запіс у кнізе спачуванняў можна будзе з 10.00 да 15.00 21 студзеня. Адрас пасольства: Мінск, вул. Змітрака Бядулі, 11 (10-ты паверх).

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН