У дачыненні да кіраўнікоў КХП-БНФ складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўстаноўку крыжа ў Курапатах
Мінск, 20 студзеня. У дачыненні да кіраўнікоў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўстаноўку крыжа ва ўрочышчы Курапаты — на месцы расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Як паведамляе прэс-служба партыі, 18 студзеня ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт на пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі былі выкліканыя выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юрый Беленькі і старшыня інфармацыйна-прапагандысцкай камісіі сойма партыі Валерый Буйвал. У дачыненні да іх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за тое, што, усталяваўшы ў Курапатах крыж у памяць расстраляных ва ўрочышчы літоўцаў, яны "парушылі парадак і ўмовы выканання работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці" і "нанеслі шкоду культурнай каштоўнасці".
27 снежня група актывістаў, у тым ліку Беленькі, усталявалі ў Курапатах драўляны крыж на месцы сатлелага Крыжа памяці літоўскіх ахвяр. Папярэдне прадстаўнікі КХП-БНФ звязаліся з грамадзянамі Літвы, якія выканалі ў традыцыйным стылі літоўскага народнага мастацтва драўляны дубовы крыж і прымацавалі да яго шыльдачку з надпісам "Памяці забітых літоўцаў. 1937—1941" на беларускай і літоўскай мовах.
"Устаноўка новага крыжа на месцы былога крыжа, — заўважылі ў партыі, — з'явілася актам ушанавання памяці пакутнікаў літоўскага народа, які разам з беларусамі пацярпеў ад генацыду падчас расійскай акупацыі".
Праз дзве гадзіны пасля ўстаноўкі крыжа ён знік. Як высветлілі прадстаўнікі партыі, крыж быў дэмантаваны і вывезены работнікамі мясцовага лясгаса.
28 снежня грамадскі дырэктар грамадскай дырэкцыі народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі сустрэўся з работнікамі лясгаса і запатрабаваў, каб яны вярнулі крыж на месца. Яны адмовіліся гэта зрабіць і звярнуліся ў міліцыю па факце "нанясення шкоды культурнай каштоўнасці". Міліцыя перадала справу ў Мінскі райвыканкам. Пасля сённяшняга пасяджэння прызначанае наступнае пасяджэнне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі для правядзення адміністрацыйнага працэсу.
"У наяўнасці акт сённяшняга дзяржаўнага вандалізму на тэрыторыі пахаванняў ахвяраў дзяржаўнага тэрору і генацыду 1930—40-х гадоў. Абсурдныя і фальшывыя абвінавачванні высунуты супраць людзей, якія на працягу 30 гадоў стваралі Народны мемарыял у Курапатах, ахоўвалі і баранілі яго ад спробаў знішчыць крыжы і магілы народных пакутнікаў. Акт дзяржаўнага вандалізму быў здзейснены прадстаўнікамі ўлады на магілах пакутнікаў і знайшоў свой працяг у незаконных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі і Мінскага раённага выканаўчага камітэта", — гаворыцца ў паведамленні КХП-БНФ.
Прадстаўнікі партыі будуць абскарджваць у пракуратуры незаконныя, на іх думку, дзеянні ўладаў. Яны таксама маюць намер звярнуцца да міжнароднай грамадскасці з заклікам асудзіць "вандалізм уладаў на магілах пакутнікаў і незаконныя рэпрэсіі супраць патрыётаў, якія ўшаноўваюць памяць ахвяраў у Курапатах".