Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/21/989277_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:14
21.01.2019 10:48 Эканоміка, Фінансы

МВФ: Дзярждоўг Беларусі з-за падатковага манеўру ў Расіі можа вырасці да 70% ВУП

Мінск, 21 студзеня. У выпадку калі Масква адмовіцца кампенсаваць Мінску негатыўныя наступствы падатковага манеўру, дзярждоўг у Беларусі ў найбліжэйшыя гады можа істотна вырасці, прагназуе Міжнародны валютны фонд.

Нагадаем, Беларусь і Расія цяпер вядуць перамовы аб кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру. Беларускія ўлады заяўляюць, што страты краіны з-за расійскага падатковага манеўру ў нафтавай галіне могуць скласці ў 2019—2023 гады 10,5 млрд долараў, і настойваюць на кампенсацыі гэтых страт. У той жа час расійскае кіраўніцтва заяўляе, што Масква ніколі не абяцала Мінску кампенсаваць гэтыя страты.

Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, калі Расія не кампэнсуе Беларусі негатыўныя наступствы падатковага манеўру ў нафтавай галіне, дзярждоўг рэспублікі ў сярэднетэрміновай перспектыве вырасце да 70% ВУП.

"У выпадку адсутнасці кампенсацыі наступствы для Беларусі будуць значнымі", — прагназуюць эканамісты Міжнароднага валютнага фонду.

У матэрыялах МВФ прыводзіцца прагноз, згодна з якім у выпадку адсутнасці знешніх шокаў дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі ў 2019—2023 гадах мог бы складаць каля 2% да ВУП. Калі ж Расія не кампенсуе Беларусі негатыўныя наступствы падатковага манеўру, дэфіцыт бягучага рахунку да 2023 года можа вырасці да 5,5% ВУП.

"Фінансаванне гэтых больш высокіх знешніх дэфіцытаў пры захаванні золатавалютных рэзерваў запатрабуе каля 6,5 млрд долараў у якасці дадатковага (і пакуль невядомага) фінансавання", — падкрэсліваюць эканамісты МВФ.

З улікам неабходнасці пошуку такога фінансавання МВФ мяркуе, што дзярждоўг Беларусі можа вырасці да 70% ВУП да 2023 года (і будзе працягваць павялічвацца ў далейшым). Калі кампенсацыя за падатковы манеўр паступіць, узровень дзярждоўгу Беларусі ўдасца ў 2019—2023 гады ўтрымаць на ўзроўні 55-56% ВУП, мяркуюць эканамісты МВФ.

Метадалогія МВФ, згодна з якой вызначаецца ўзровень дзярждоўгу Беларусі, адрозніваецца ад той, якую выкарыстоўваюць беларускія ўлады. Паводле апошніх апублікаваных звестак Мінфіна, на 1 снежня 2018 года дзяржаўны доўг Беларусі складаў 36% да ВУП. У той жа час МВФ лічыць, што з улікам ускосных абавязацельстваў дзяржавы (якія ўзніклі ў сувязі з даваннем ўрадавых гарантый) дзярждоўг Беларусі ўжо знаходзіцца ў раёне 55% ВУП.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН