Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/21/989302_458712/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 05:07
21.01.2019 13:15 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь гатовая развіваць супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі на прынцыпах павагі (дапоўнена)

Мінск, 21 студзеня. Беларусь гатовая развіваць супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі на прынцыпах паважання, шчырасці і прыстойнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін.

Дакументы беларускаму кіраўніку ўручылі дыпламаты з Аўстрыі, Арменіі, Бахрэйна, В'етнама, Ганы, Канады, Сальвадора, Туніса, Чарнагорыі, Чэхіі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Наша краіна гатовая да ўзаемадзеяння з Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем, калі яно будуецца на прынцыпах паважання, шчырасці і прыстойнасці. З улікам свайго геастратэгічнага становішча мы, як ніхто іншы, зацікаўленыя ў міры, стабільнасці, неканфліктным і эфектыўным партнёрстве", — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што толькі шляхам раўнапраўнага дыялогу ўстараняюцца "стэрэатыпы і разбураюцца пабудаваныя на іх падмурку сцены неразумення".

Лукашэнка ахарактарызаваў адносіны з кожнай з названых дзяржаў.

Так, ён адзначыў нацэленасць на пашырэнне гандлёва-эканамічнага складальніку беларуска-армянскіх адносін і гатоўнасць удзельнічаць у любых праектах, у тым ліку на тэрыторыі Арменіі, якія будуць цікавыя армянскім партнёрам. "Арменія была і застаецца для Беларусі надзейным партнёрам, з якім нас звязвае шматпланавае супрацоўніцтва, у тым ліку ў асноўных саюзах: у Еўразійскім эканамічным і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы", — сказаў Лукашэнка.

У адносінах з Аўстрыяй ён адзначыў паслядоўнае павышэнне ўзроўню і інтэнсіўнасці палітычных кантактаў, што сведчыць аб новай якасці міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. "Высока ацэньваем намаганні Вены па зніжэнні напружанасці ў Еўропе і свеце, навядзенні мастоў паміж ключавымі геапалітычнымі гульцамі. І ў гэтым падыходы нашых дзяржаў абсалютна сугучныя. Мы зацікаўленыя ва ўмацаванні выгаднага і канструктыўнага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёва-інвестыцыйнай сферы", — падкрэсліў Лукашэнка.

Міждзяржаўны дыялог Беларусі з Чэхіяй кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў як "гранічна адкрыты і прагматычны". Паводле яго слоў, бакі рэалізуюць сумесныя эканамічныя праекты, працуюць на міжнародных пляцоўках. "Перакананы, што далейшае развіццё двухбаковага гандлю, падтрыманне цесных сувязяў у культуры, навуцы і адукацыі ў Беларусі будуць і надалей служыць трывалай асновай для ўмацавання адносін паміж нашымі краінамі", — сказаў ён.

З Чарнагорыяй у Беларусі нямала агульных поглядаў, якія могуць стаць апорай для пашырэння двухбаковага парадку дня, лічыць Лукашэнка. Ён адзначыў, што беларускія турысты на працягу многіх гадоў адпачываюць у Чарнагорыі. "Спадзяемся, што і вашы людзі па вартасці ацэняць выдатную прыроду Беларусі, яе культурную і гістарычную спадчыну", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Канаду аб'ядноўвае не толькі любоў да хакея, але і шматгадовае сяброўства. Канадцы былі ў ліку тых, хто, паводле яго слоў, не раздумваючы працягнуў руку дапамогі ў цяжкія часы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. "Ваша краіна стала першай на Захадзе, хто цалкам адмяніў гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта залог далейшага пазітыўнага развіцця ўзаемадзеяння і вельмі добры прыклад для некаторых іншых нашых партнёраў. Мы гатовыя да пашырэння плённага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з Канадай ва ўсіх сферах".

Блізкі дыялог з В'етнамам на ўсіх узроўнях спрыяе эфектыўнаму вырашэнню актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня, заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што сёння бакам неабходна сканцэнтравацца на забеспячэнні росту ўзаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нафтахіміі, будаўніцтве, адукацыі, інфармацыйных тэхналогіях. Беларускія прадпрыемствы гатовыя актыўна ўдзельнічаць у праграмах па развіцці транспартнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў і вытворчасці прадуктаў харчавання на тэрыторыі В'етнама.

Гаворачы аб Бахрэйне, Лукашэнка заявіў: "Мы зацікаўленыя ва ўсебаковым і маштабным развіцці сувязяў з Бахрэйнам. Тым больш што пазітыўныя прыклады супрацоўніцтва з дзяржавамі Персідскага заліва ў нас ёсць. Неабходна актывізаваць двухбаковы гандаль, аб'ём якога ў цяперашні час, на жаль, нязначны. Прапануем бахрэйнскім партнёрам не толькі традыцыйныя тавары, але і высокатэхналагічную прадукцыю".

Паводле слоў Лукашэнкі, для Беларусі таксама ўсё больш важнае значэнне набывае Афрыканскі рэгіён. Гаворачы аб супрацоўніцтве з Ганай, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сельскагаспадарчай і будаўнічай галінах гэтай краіны добра вядомыя беларускія калійныя ўгнаенні і металургічная прадукцыя. "Мы бачым далейшыя перспектывы для істотнага пашырэння супрацоўніцтва, перш за ўсё ў АПК, а таксама ў прамысловай кааперацыі", — сказаў Лукашэнка.

З Тунісам, лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна актывізаваць кантакты на ўсіх узроўнях. "Гэта дапаможа прапрацаваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння і вывесці адносіны паміж нашымі краінамі на якасна новы ўзровень ", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь разглядае Сальвадор як перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Амерыцы. "Мы зацікаўленыя развіваць двухбаковы дыялог, узмацніць гандлёва-эканамічны складнік, пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, уключаючы хімічную галіну, — сказаў Лукашэнка. — Мы добра ведаем вашу краіну. Але, на жаль, адносіны ў нас яшчэ слаба развітыя. Думаю, пры вашым удзеле здолеем актывізавацца. Нам вельмі неабходна, каб у Амерыцы ў нас была магутная база дзяржаў, з якой мы можам супрацоўнічаць і з суседнімі краінамі".

Лукашэнка пажадаў усім дыпламатам поспехаў у выкананні іх адказнай місіі. "Перакананы, што мы знойдзем з вамі агульную мову. Любыя вашы ініцыятывы будуць падтрыманыя. І я перакананы, што мы зможам сумеснымі намаганнямі прасунуць нашы адносіны на больш высокі ўзровень", — сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239