Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/21/989376_989376/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:48
21.01.2019 17:57 Грамадства

Генпракуратура не бачыць падстаў для рэагавання на выказванні міністра ўнутраных спраў

Мінск, 21 студзеня. Генеральная пракуратура не бачыць падстаў для рэагавання на выказванні міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, паведаміў праваабарончы сайт spring96.org са спасылкай на начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Марыны Паповай.

Паводле яе слоў, пры вывучэнні зместу інтэрв'ю Шуневіча тэлеканалу ОНТ устаноўлена, што міністрам была "выказана асабістая думка па некаторых пытаннях". "У гэтым артыкуле не выкарыстоўваюцца словы, фразы і словазлучэнні, выкарыстанне якіх дазволіла б сцвярджаць аб наяўнасці ў іх складу якога-небудзь правапарушэння або крымінальна каранага дзеяння", — адзначаецца ў адказе.

Праваабаронцы патрабавалі прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасці ў сувязі з яго дыскрымінацыйнымі, на іх думку, выказваннямі. Адпаведныя звароты ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт накіравалі старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і яго намеснік Валянцін Стэфановіч. Гаворка ідзе пра інтэрв'ю Шуневіча тэлеканалу ОНТ, у якім ён выказаўся з нагоды грамадзян Беларусі, што належаць да супольнасці ЛГБТК +, назваўшы іх "дзіравымі".

Як адзначаюць праваабаронцы, "у беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі". "Замест таго каб супрацьстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацысцкіх поглядаў", — падкрэсліваецца ў звароце.

"Гэтыя выказванні маюць вельмі абразлівы характар, прапагандуюць у беларускім грамадстве нянавісць і дыскрымінацыю ў дачыненні да грамадзян краіны на падставе іх сексуальнай арыентацыі, спрыяюць іх далейшай стыгматызацыі", — лічаць аўтары.

"Выказванні Шуневіча, які з'яўляецца службовай асобай, уяўляюць сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці ў дачыненні да грамадзян краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце — сексуальнай арыентацыі, фарміруюць непрыязнасць, пачуццё агіды, нянавісці і варожасці да прадстаўнікоў гэтай групы, — адзначаецца ў заяве. — Такім чынам, лічу, што ў дзеяннях міністра ўнутраных спраў можа ўтрымлівацца склад злачынства згодна з арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці)".

Як мяркуе Алесь Бяляцкі, "асабістая думка", выказаная службовай асобай — міністрам Шуневічам публічна, з'яўляецца чыстым падбухторваннем да дыскрымінацыі пэўнай сацыяльнай групы.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН