Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/22/989426_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2019 12:46
22.01.2019 09:40 Грамадства

Саўладальнік "БелГазеты" Жываловіч заявіў пра рэйдарскі захоп выдання

Мінск, 22 студзеня. Пра рэйдарскі захоп "БелГазеты" заявіў яе саўладальнік Кірыл Жываловіч у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

"Гэта рэйдарскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога з`яўляецца Бандарэнка. Зараз працуюць юрысты", — напісаў Жываловіч. "Усе падрабязнасці" ён абяцаў апублікаваць 23 студзеня.

Як раней паведамляў БелаПАН, дырэкцыю ТАА "БелГазета", якое выпускае аднайменны інфармацыйна-аналітычны штотыднёвік, у пачатку студзеня ўзначаліў вядомы праваабаронца Андрэй Бандарэнка. На гэтай пасадзе ён змяніў саўладальніка выдання Жываловіча, які кіраваў газетай са студзеня 2018 года.

"Я не планаваў займацца гэтым напрамкам, але так склалася, што спатрэбіўся набор усіх маіх прафесійных якасцяў як бізнесмена, журналіста і праваабаронцы, — заявіў Бандарэнка ў каментары БелаПАН. — Друкаваныя выданні і так знаходзяцца ў даволі цяжкім становішчы, а тут яшчэ і кіраванне папярэдняга дырэктара вылілася ў вельмі цяжкае фінансавае становішча".

"Мая асноўная задача — паставіць газету на нармальныя эканамічныя рэйкі. Трэба вырашыць шэраг праблем, даць газеце магчымасць, маючы дастатковы аб`ём фінансавання, нармальна развівацца, не залежачы ад палітыкі і эканомікі. Мы загадзя абгаварылі, што мая задача — толькі камерцыйныя пытанні і праграма развіцця газеты. Рэдакцыйная палітыка цалкам застаецца за рэдакцыяй, я ў яе не ўмешваюся, не навязваю свае ідэі, пажаданні, не спрабую выкарыстоўваць газету ў сваім праваабарончым кірунку", — падкрэсліў Бандарэнка.

Паводле слоў дырэктара, зараз каманда "БелГазеты" займаецца абнаўленнем сайта. Рэдакцыя мае намер зрабіць свайго роду сінтэз друкаванага выдання і яго анлайн-версіі.

Андрэй Бандарэнка — у мінулым бізнес-кансультант, а цяпер заснавальнік і кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Нью платформ інавейшн" (НПІ), створанай наўзамен закрытых уладамі ўстаноў "Платформа" і "Платформ інавейшн". Як і папярэднія арганізацыі, НПІ фіксуе факты парушэння правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі, а таксама вядзе маніторынг выканання правоў грамадзян у рэгіёнах.

Недзяржаўная "Белорусская газета" была заснаваная ў 1995 годзе былымі супрацоўнікамі "Белорусской деловой газеты" Ігарам Высоцкім, Аляксандрам Вальвачовым і Аляксандрам Міхальчуком. З 2005 года выходзіць пад назвай "БелГазета". 75% статутнага фонду належаць Жываловічу, 25% — Высоцкаму.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН