Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/22/989435_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:29
22.01.2019 11:30 Эканоміка

Беларусь практычна спыніла імпарт нафтапрадуктаў з Расіі

Мінск, 22 студзеня. Пасля ўваходжання ў сілу зменаў у беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне Беларусь скараціла імпарт нафтапрадуктаў з Расіі да сімвалічных аб'ёмаў — пра гэта сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.

Так, у лістападзе мінулага года Беларусь імпартавала з Расіі ўсяго толькі 24,3 тыс. тон нафтапрадуктаў. Для параўнання: у першым паўгоддзі 2018 года Беларусь штомесяц увозіла з Расіі каля 300—400 тыс. тон нафтапрадуктаў, у ліпені — 237 тыс., у жніўні — 141,9 тыс., у верасні — 106 тыс. тон, у кастрычніку — 115,5 тыс. тон.

Да кастрычніка ўключна аб'ёмы імпарту расійскіх нафтапрадуктаў перавышалі ўзровень 2017 года, аднак з улікам лістападаўскіх дадзеных сітуацыя змянілася. За студзень—лістапад мінулага года Беларусь імпартавала з Расіі 2 млн 736,2 тыс. тон нафтапрадуктаў, што на 6,3% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га.

Зніжэнне імпарту расійскіх нафтапрадуктаў абумоўленае ўваходжаннем у сілу зменаў у беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне.

Пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў быў падпісаны 10 кастрычніка 2018 года па выніках міжурадавых перамоваў. Дакумент падпісалі віцэ-прэм'еры Беларусі і Расіі Ігар Ляшэнка і Дзмітрый Казак. У ім узгодненыя індыкатыўныя балансы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад—снежань 2018 года і на 2019 год.

Тады ж, у кастрычніку, міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак паведаміў журналістам, што індыкатыўныя балансы прадугледжваюць нулявыя пастаўкі ў Беларусь аўтабензіну, дызельнага паліва і мазуту расійскай вытворчасці. Падпісаны пратакол прадугледжвае, што з лістапада 2018 года Беларусь з Расіі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.

Паводле інфармацыі БелаПАН, рашэнне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў з Расіі ў Беларусь было падрыхтаванае па ініцыятыве расійскага боку яшчэ летам мінулага года. Расійскія ўлады матывавалі гэтае рашэнне стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН