Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/22/989463_412587/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:38
22.01.2019 13:04 Эканоміка, Грамадства

Лідар "Перспектывы" Анатоль Шумчанка 23 студзеня запрошаны на сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта

Мінск, 22 студзеня. Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка 23 студзеня запрошаны ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Як паведамляе сайт прадпрымальніцкага аб'яднання, сустрэча з кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай прызначаная на 12.00. Шумчанка мае намер перадаць калектыўны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, які падпісалі амаль 7 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў з 25 гарадоў краіны. ІП, занятыя ў раздробным гандлі, просяць яго сустрэцца з кіраўніцтвам "Перспектывы", каб асабіста абмеркаваць сітуацыю ў галіне малога бізнесу Беларусі.

Галоўнай праблемай прадпрымальнікі называюць нестыкоўкі ў заканадаўстве Беларусі і Расіі, дзе яны закупляюць асноўную масу сваіх тавараў. "Ажыццяўляючы сваю гаспадарчую дзейнасць у межах дзейнага ўказа № 222, прадпрымальнікі раздробнага гандлю абавязаныя мець поўны пакет дакументаў, атрыманых ад контрагента краіны, дзе была ажыццёўленая закупка тавару, для наступнай рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Праблема ў тым, што пры ажыццяўленні здзелкі за наяўны разлік з контрагентам з РФ большасць беларускіх ІП раздробнага гандлю не атрымліваюць усе неабходныя дакументы, згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі ў рамках ЕАЭС. З-за гэтага большасць ІП раздробнага гандлю могуць стаць парушальнікамі заканадаўства Беларусі з-за незалежных ад іх прычын", — растлумачылі аўтары дакумента, поўны тэкст якога апублікаваны на сайце "Перспектывы".

Прадпрымальнікі просяць Лукашэнку ўвесці мараторый на падаванне поўнага пакета абавязковых згодна з указам № 222 дакументаў "да навядзення парадку ў дакументаабароце ў РФ"; пазбавіць ІП раздробнага гандлю ад абавязку падаваць дакументы на "ўвезеныя да цяперашняга часу тавары з РФ з выплачаным за іх увазным ПДВ"; вылучыць сектар раздробнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва ў асобную сферу рэгулявання "з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоў вядзення бізнесу".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН