Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/22/989526_547885/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:22
22.01.2019 16:17 Палітыка, Грамадства, Спорт

Міжнародныя прафсаюзы заклікаюць перанесці Еўрагульні з Мінска з-за парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Мінск, 22 студзеня. Глабальны саюз IndustriALL, Міжнародная і Еўрапейская канфедэрацыі прафсаюзаў заклікаюць каардынацыйную камісію Еўрапейскіх гульняў 2019 года перанесці гульні з Мінску з-за парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Сумесны ліст арганізацый на адрас старшыні камісіі Спіраса Капраласа апублікаваны на сайце беларускага прафсаюза РЭП.

Зварот выкліканы "незаконнымі затрыманнямі журналістаў і правядзеннем вобыскаў у офісах незалежных інфармацыйных агенцтваў у Беларусі летам мінулага года, а таксама працягам парушэнняў правоў прафсаюзаў".

"Шэраг прафсаюзаў у Беларусі (члены нашых канфедэрацый) таксама сутыкаюцца з сур`ёзнымі абмежаваннямі пры ажыццяўленні сваіх правоў, у прыватнасці права на свабоду асацыяцыі, — адзначаецца ў лісце. — У выніку несправядлівага судовага разбору былі асуджаныя нашы калегі, лідары Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (прафсаюза РЭП) Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Мы лічым, што рашэнне суда палітычна матываванае і скіраванае на аказанне націску на кіраўніцтва прафсаюза з мэтай падарваць яго дзейнасць і перашкодзіць яго актыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства".

"Да таго часу, пакуль прысуд застаецца ў сіле, і ў святле суровага абмежавання волі, якое негатыўна адаб`ецца на нармальных умовах працы і жыцця абодвух лідараў, мы лічым Фядыніча і Комліка палітычнымі вязнямі. Наяўнасць палітвязняў з`яўляецца парушэннем абавязацельстваў Беларусі перад Еўрасаюзам. Акрамя таго, мы лічым, што іншыя незалежныя інстытуцыі, уключаючы НДА, інфармацыйныя агенцтвы і іх кіраўнікоў, не абароненыя ад гэтай новай хвалі пераследаў", — лічаць аўтары.

На думку міжнародных прафсаюзаў, перанос спартыўнага мерапрыемства з Мінска "паслужыць магутным сігналам для беларускіх уладаў, які павінен прымусіць іх палепшыць сітуацыю з правамі чалавека і прафсаюзаў".

24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Фядыніча і Комліка вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з забаронай на працягу пяці гадоў займаць пасады кіраўнікоў. 9 лістапада Мінгарсуд пакінуў прысуд у сіле.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнага партала tut.by, кампаніі БелаПАН і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, супрацоўнікі партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. На сёння абвінавачанай па так званай справе БелТА застаецца толькі Золатава. Ёй выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). Справа перададзеная ў суд Заводскага раёна сталіцы.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску 21—30 чэрвеня.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН