Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/23/989676_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 03:52
23.01.2019 13:39 Эканоміка, Грамадства

Урад устанавіў найважнейшыя мэтавыя паказчыкі для міністэрстваў і ведамстваў на 2019 год

Мінск, 23 студзеня. Урад устанавіў найважнейшыя мэтавыя паказчыкі заказчыкаў дзяржаўных праграм на 2019 год. Адпаведная пастанова ад 22 студзеня № 45 апублікаваная на сайце Саўміна.

Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва даручана на канец 2019 года забяспечыць сярэдні кошт квадратнага метра агульнай плошчы жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай (без індывідуальных забудоўшчыкаў), на ўзроўні 1.020 рублёў. Доля агульнай плошчы шматкватэрных энергаэфектыўных жылых дамоў у агульным аб'ёме ўведзенага ў эксплуатацыю жылля павінна скласці 90%.

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна забяспечыць зніжэнне выдаткаў на аказанне паслуг ЖКГ насельніцтву не менш як на 5% у параўнанні з 2018 годам.

Для Міністэрства лясной гаспадаркі ўстаноўлены аб'ём нарыхтоўкі драўніны з 1 га лясных зямель — 2,45 кубаметра, а таксама "забеспячэнне лясістасці тэрыторыі не менш за 39,9%".

Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання даручана забяспечыць значэнне сумы крэдыторскай запазычанасці і запазычанасці па крэдытах і пазыках да выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у сельскагаспадарчых арганiзацыях не больш за 1,02% на канец года.

Удзельная вага аўтамабільных дарог з цвёрдым пакрыццём у агульнай працягласці аўтамабільных дарог агульнага карыстання павінна скласці 86,7%.

Згодна з дакументам узровень зарэгістраванага беспрацоўя да канца 2019 года не павінен перавысіць 1%. Паводле апошніх звестак Мінпрацы, гэты паказчык складаў 0,3%, што з'яўляецца гістарычным мінімумам.

Чаканая працягласць жыцця, на думку Саўміна, складзе 75 гадоў. Долю айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку ў вартасным выражэнні плануецца давесці да 54%.

Таксама пастаўленая задача ўвайсці ў топ-30 па індэксе ўзроўню адукацыі ў рэйтынгу краін па Індэксу чалавечага развіцця.

Нацыянальная акадэмія навук адказвае за забеспячэнне ўдзельнай вагі інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме прадукцыі і паслуг, яна павінна скласці 15,9%.

Колькасць абанентаў і карыстальнікаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу да інтэрнэту на канец года павінна скласці 34,2 на 100 чалавек.

Сярод паказчыкаў, даведзеных да Міністэрства спорту і турызму, — экспарт турыстычных паслуг, які да канца года павінен скласці 240 млн долараў. У спартыўным рэйтынгу на сусветнай арэне па алімпійскіх дысцыплінах да канца 2019 года Беларусь павінна ўвайсці ў топ-25.

Для астатніх міністэрстваў і ведамстваў устаноўленыя паказчыкі па энергазберажэнні.

Сярод паказчыкаў, устаноўленых для аблвыканкамаў, — "памяншэнне прэтэнзій на якасць аказваных жыллёва-камунальных паслуг да папярэдняга года", зніжэнне выдаткаў на іх аказанне, нарматыў замены цеплавых сетак, увод агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту, замена і мадэрнізацыя ў жылых дамах ліфтаў, што адпрацавалі тэрміны эксплуатацыі, і забяспечанасць спажыўцоў пітной вадой.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН