Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/23/989678_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:12
23.01.2019 13:22 Палітыка

Амерыканскае пасольства ў Мінску спыніла публічную дзейнасць у сувязі з прыпыненнем фінансавання ўрада ЗША  

Мінск, 23 студзеня. У сувязі з прыпыненнем фінансавання ўрада ЗША амерыканскае пасольства ў Мінску абавязанае спыніць любую публічную дзейнасць, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце пасольства.

Выключэнні магчымыя ў "надзвычайных выпадках, звязаных з пагрозай для жыцця і маёмасці, а таксама дзейнасці, неабходнай для забеспячэння нацыянальнай бяспекі".

У сувязі з прыпыненнем дзейнасці пасольства паведамляе, што не зможа ўзяць удзел у 26-й Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы ў якасці ганаровага госця. "Мы ўдзячныя ўраду Беларусі за такі гонар і будзем абмяркоўваць магчымае супрацоўніцтва ў сферы культуры, як толькі фінансаванне будзе адноўленае", — падкрэслівае дыппрадстаўніцтва.

Адзначаецца таксама, што на гэты момант пасольства і консульства ЗША ва ўсім свеце будуць, па магчымасці, працягваць аказанне запланаваных пашпартных і візавых паслуг падчас шатдаўна.

Шатдаўн — частковае прыпыненне работы ўрада ЗША — працягваецца з 22 снежня з-за адсутнасці бюджэтных сродкаў. Гэта звязана з тым, што Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ў кангрэсе ЗША не могуць узгадніць параметры бюджэту, у які прэзідэнт Дональд Трамп хоча ўключыць сродкі на будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. Дэмакраты не ўхваляюць вылучэнне на гэта сродкаў з казны.

Такія бюджэтныя крызісы і раней адбываліся ў ЗША, але цяперашні шатдаўн — самы працяглы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН