Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/23/989711_989712/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 06:52
23.01.2019 15:29 Палітыка, Эканоміка

"Перспектыва" працягвае дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам

Мінск, 23 студзеня. На сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай 23 студзеня старшыня грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка перадаў калектыўны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай арганізаваць такую сустрэчу. Зварот падпісалі амаль 7 тысяч ІП з 25 гарадоў Беларусі.

Прадпрымальнікі таксама просяць кіраўніка дзяржавы:

увесці мараторый на падачу поўнага пакета абавязковых па ўказе № 222 дакументаў, "да навядзення парадку ў дакументаабароце ў РФ";

пазбавіць ІП рознічнага гандлю ад абавязку падаваць дакументы на ўвезеныя да цяперашняга часу тавары з Расіі з выплачаным за іх увазным ПДК;

вылучыць сектар рознічнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва ў асобную сферу рэгулявання з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоў вядзення бізнесу.

Як паведаміў Шумчанка БелаПАН, сустрэча з Качанавай доўжылася каля гадзіны, на ёй таксама прысутнічаў яе намеснік Валерый Міцкевіч.

Паводле слоў Шумчанкі, Качанава паабяцала аказаць падтрымку ў наладжванні дыялогу "Перспектывы" з урадам і Саветам па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце. "Наталля Іванаўна сказала, што адрэагуе на нашы цяжкасці пры ўзаемадзеянні з урадам, паспрабуе дапамагчы, каб быў дыялог і быў вынік ад гэтага. Пасля сустрэч на такім узроўні, як правіла, здымаецца пытанне недаступнасці многіх чыноўнікаў", — падкрэсліў Шумчанка.

На сустрэчы, паводле яго слоў, закраналіся пытанні становішча ІП у сферы гандлю, "катастрафічнага скарачэння іх колькасці і падатковых паступленняў". Шумчанка праінфармаваў суразмоўцаў аб парушэннях у крамах нізкіх цэн, дзе гандлююць таварамі з Сярэдняй Азіі.

"Абмяркоўвалася і пытанне працы з расійскімі партнёрамі, з-за парушэнняў якіх пакутуюць беларускія прадпрымальнікі. У сувязі з развіццём адносінаў з Расіяй ёсць разуменне, што законы і дамоўленасці павінны выконвацца", — адзначыў лідар "Перспектывы".

"У самым пачатку сустрэчы я перадаў словы падтрымкі Лукашэнкі ў частцы яго выказванняў аб неабходнасці абараняць незалежнасць і суверэнітэт краіны і сказаў, што ў гэтым плане дапамога была, ёсць і будзе. У нас могуць быць розныя погляды, але адно нас аб'ядноўвае — тое, што незалежнасць павінна быць", — дадаў Шумчанка.

Апошні раз Лукашэнка сустракаўся з ІП 17 сакавіка 2015 года ў мінскім ГЦ "Экспабел". Сустрэча праводзілася ў фармаце нарады, па выніках якой для ІП працягнулі тэрмін рэалізацыі тавараў легпрама без суправаджальных дакументаў. Прадстаўнікоў "Перспектывы", якая аб'ядноўвае непасрэдна ІП, занятых у рознічным гандлі, на гэту сустрэчу не паклікалі.

Лукашэнка неаднаразова негатыўна выказваўся ў адрас "Перспектывы" і асабіста Шумчанкі. Напрыклад, у лютым 2014 года на нарадзе з прадстаўнікамі бізнес-саюзаў ён назваў кіраўніка "Перспектывы" "палітыкам ад прадпрымальніцтва". "Ганіце ад сябе усялякіх там Шумчанкаў, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае", — заявіў афіцыйны лідар.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН