Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/23/989790_123456/
Дата раздрукоўкі: 19.07.2019 05:02
23.01.2019 20:58 Эканоміка, Фінансы

Калаур: Негатыўная дынаміка выканання абавязацельстваў у эканоміцы Беларусі патрабуе кансалідацыі намаганняў дзяржавы, банкаў і бізнесу

Мінск, 23 студзеня. Актуальнасць пытанняў кіравання праблемнай запазычанасцю абумоўлена негатыўнай дынамікай паказчыкаў выканання абавязацельстваў у эканоміцы Беларусі, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 23 студзеня на пасяджэнні кансультатыўнага савета пры рэгулятары.

Удзел у пасяджэнні, якое было прысвечана пытанням кіравання праблемнай запазычанасцю, прынялі прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў і эканомікі, прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі, а таксама ААТ "Агенцтва па кіраванні актывамі".

"Відавочна, што стан разлікаў патрабуе кансалідацыі пазіцый і намаганняў органаў дзяржаўнага кіравання, банкаўскай і прадпрымальніцкай супольнасцяў. Мяркую, што тут нам варта і далей рухацца ў напрамку ўкаранення міжнародных практык і нормаў. Толькі такі шлях дазваляе інтэграваць нацыянальную эканоміку ў сусветнагаспадарчыя сувязі, развіць і выкарыстаць патэнцыял фінансавага рынку для кіравання праблемнымі актывамі", — прыводзіць словы Калаура ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.

На пасяджэнні кансультатыўнага савета начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Алег Карнач расказаў аб працы па стварэнні ў Беларусі ўмоў для развіцця другаснага рынку актываў, забяспечаных залогам. Міжнародны эксперт МФК па здзелках з забеспячэннем Мурат Султанаў падчас анлайн-выступлення з офіса МФК у Дубаі (ААЭ) прадставіў даклад аб ролі забяспечаных здзелак у эканоміцы і міжнародным вопыце выканання абавязацельстваў па такіх здзелках. Старшыня РГА "Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя" Аляксандр Швец азнаёміў удзельнікаў пасяджэння з поглядам асацыяцыі на падыходы да ўрэгулявання пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці прадпрыемстваў.

У рамках дыскусіі ўдзельнікі пасяджэння Кансультатыўнага савета абмяняліся думкамі па шырокаму колу пытанняў, звязаных з кіраваннем праблемнай запазычанасцю.

Кансультатыўны савет пры Нацыянальным банку з'яўляецца дарадчым органам. Савет створаны ў верасні 2014 года з мэтай прыцягнення шырокага экспертнага патэнцыялу пры распрацоўцы і рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, для фарміравання умоў ўстойлівага развіцця банкаўскай і плацежнай сістэм Беларусі. Кансультатыўны савет сфарміраваны з прадстаўнікоў Нацыянальнага банка, банкаў, грамадскіх і навуковых арганізацый.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН