Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/24/989834_989835/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:58
24.01.2019 13:02 Грамадства

Туркменскага студэнта, які ў навагоднюю ноч узарваў петарду ў інтэрнаце, высылаюць з Беларусі

Мінск, 24 студзеня. Студэнта з Туркменістана высылаюць з Беларусі за дробнае хуліганства ў навагоднюю ноч.

Як паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, студэнт у навагоднюю ноч у інтэрнаце № 5 Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ўзарваў петарду. За гэта правапарушэнне ён быў прыцягнуты да адказнасці па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства), яму было прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу.

22 студзеня 2019 года на базе інтэрната № 5 БДЭУ ў прысутнасці студэнтаў-замежнікаў (з мэтай папярэджання здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў) было разгледжана пытанне пра высылку 19-гадовага грамадзяніна Туркменістана з тэрыторыі Беларусі.

З удзелам прадстаўнікоў універсітэта, інтэрната, кіраўніцтва Ленінскага РУУС Мінска і ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама было прынята рашэнне аб высылцы студэнта з забаронай на ўезд у Беларусь тэрмінам на тры гады. На працягу 30 дзён малады чалавек павінен пакінуць краіну.

Як растлумачыў намеснік начальніка Ленінскага РУУС Мінска — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік міліцыі Сяргей Дубовік, у адпаведнасці з заканадаўствам іншаземец можа быць высланы з Беларусі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Беларусі і іншых асоб. Іншаземец таксама можа быць высланы пасля вызвалення з арыштнага дома або папраўчай установы, калі ён не можа быць дэпартаваны.

Крайняя мера ў выглядзе высылкі з краіны замежнага грамадзяніна прадугледжвае наяўнасць іншых фактараў, аналізуецца асоба замежніка, які здзейсніў правапарушэнне, і акалічнасці, якія падштурхнулі яго на гэта, гаворыцца ў паведамленні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН