Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/24/989852_989853/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 06:50
24.01.2019 13:49 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы гатовыя да супрацоўніцтва з Расіяй настолькі, наколькі да гэтага гатовае яе кіраўніцтва

Мінск, 24 студзеня. Вызначаючы больш за 20 гадоў таму свой курс, Беларусь адназначна вырашыла развіваць адносіны з Расіяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Андрэем Траўнікавым 24 студзеня ў Мінску.

Часам гаворыцца пра тое, што Расія ў значнай ступені падтрымлівае або нават корміць Беларусь, заўважыў Лукашэнка. Аднак, дадаў ён, яшчэ з часоў СССР Беларусь выконвала ролю фінішнай вытворчасці, свайго роду зборачнага цэха, закупляючы ў Расіі сыравіну і камплектуючыя.

"Падтрымліваючы (калі такое ёсць) Беларусь, Расія падтрымлівае перш за ўсё сябе, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму што, вызначаючы больш за 20 гадоў таму курс Беларусі, па якім кірунку нам рухацца, мы ўсё ж такі адназначна вырашылі, што Расія — не проста партнёр, не проста сяброўская нам дзяржава. Рэсурсы мы ў асноўным закупляем у вас пры ўсіх выгадных і нявыгадных сітуацыях, камплектуючыя купляем у вас".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь — гэта не толькі Мінскі трактарны завод і яго прадукцыя, але і нафтахімічныя, нафтаперапрацоўчыя галіны, машынабудаванне. "Гэта фінішная вытворчасць велізарнага комплексу расійскай эканомікі. Калі б Расія нават падтрымлівала Беларусь, падтрымліваючы фінішную вытворчасць, значыць, падтрымлівае ў сябе тых, хто вырабляе сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя. Калі палічыць, вы ўбачыце, хто каго падтрымлівае", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што цяпер кажуць пра прагматычную пазіцыю Расіі, калі развагі пра братэрства і дружбу саступаюць месца толькі партнёрскім адносінам. "Партнёры дык партнёры, зусім не пярэчу, — заявіў Лукашэнка. — Мы гатовыя да супрацоўніцтва з нашай брацкай Расіяй настолькі, наколькі сёння кіраўніцтва Расіі да такога гатовае. Толькі мы супраць усялякіх фэйкаў, укідаў, раскручвання розных тэм у СМІ. А ў апошні час мне прыйшлося рэагаваць на тое, што нібыта беларусы б'юць у Мінску рускіх".

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Новасібірскай вобласцю, прэзідэнт адзначыў, што для Беларусі гэта адзін з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў у Сібіры. У аснове двухбаковага ўзаемадзеяння, паводле слоў Лукашэнкі, ляжаць даўнія сяброўскія і сваяцкія адносіны паміж людзьмі, а таксама высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва. Ён таксама дадаў, што ў Новасібірскай вобласці пражывае больш за 5 тысяч беларусаў, многія з іх з'яўляюцца нашчадкамі тых, хто калісьці асвойваў Сібір.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Новасібірск вядомы як навуковая сталіца Расіі і ў апошнія гады гэта адзін з ключавых пастаўшчыкоў абсталявання для Беларускай АЭС. "Супрацоўніцтва па запуску электрастанцыі з'яўляецца ўзаемавыгадным. Дзякуючы гэтаму праекту сфарміраваныя новыя тэхналагічныя ланцужкі паміж прадпрыемствамі нашай краіны і вашага рэгіёну, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Больш за тое, мы вельмі ўдзячныя расіянам за тое, што яны нас навучылі будаваць такія аб'екты. Думаю, што нашы будаўнікі і спецыялісты на ключавых кірунках будаўніцтва будуць вам карысныя ва ўсім свеце. Расіяне добра адгукаюцца пра працу нашых спецыялістаў на АЭС".

Паводле слоў Лукашэнкі, ёсць гатоўнасць пайсці на стварэнне сумесных вытворчасцяў, падзяліцца ўжо апрабаванымі тэхналогіямі і выпускаць прадукцыю, запатрабаваную на рынках не толькі Беларусі і Расіі, але і трэціх краін. Беларусь, адзначыў ён, валодае дастатковымі рэсурсамі, каб забяспечыць патрэбы Новасібірскай вобласці ў сучаснай грузавой, пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхніцы, таварах лёгкай і харчовай прамысловасці.

У ліку перспектыўных кірункаў далейшага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы згадаў сумеснае прадпрыемства па мадэрнізацыі трамваяў "БКМ-Сібір", створанае пры ўдзеле "Белкамунмаша", дзе магчыма арганізацыя зборкі тралейбусаў.

"Ёсць перспектывы працы і ў авіяцыйнай сферы. Вы ведаеце, што мы ў сувязі з будаўніцтвам новага авіязавода вынеслі яго з Мінска. Гэта новае прадпрыемства. Мы гатовыя яго пашыраць, калі ў вас будзе цікавасць, для тэхнічнага абслугоўвання і рамонту сучасных тыпаў самалётаў", — сказаў Лукашэнка.

Беларусь, паводле яго слоў, таксама гатовая падключыцца да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Новасібірскай вобласці, прапанавана рэалізаваць па беларускіх праектах будаўніцтва аграгарадкоў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. "Расіі нікуды не дзецца ад гэтага варыянту развіцця сельскай гаспадаркі. Вы цудоўна разумееце і бачыце лепш, чым я, што Расія там, дзе раней вырабляўся хлеб, апусцела. Так бы было і ў нас, калі б мы не схапіліся за гэтае пытанне", — заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, прапанавана выкарыстоўваць ліфтавае абсталяванне "Магілёўліфтмаша" пры будаўніцтве і рамонце шматпавярховых жылых дамоў у рэгіёне.

"Словам, мы адкрытыя не толькі для дыялогу, але і сумеснай працы. І гатовыя выйсці на пэўныя дамоўленасці, калі гэта будзе трэба сібіракам, — падкрэсліў Лукашэнка. — Беларусь як была вашым родным домам, так яна і застанецца. Мы поўныя рашучасці з нашымі старэйшымі братамі супрацоўнічаць. Але я заўсёды толькі папярэджваю: па-чалавечы. І заўсёды вы знойдзеце водгук у нашай душы. Калі вам трэба дзесьці пляцоўка для працы на захадзе з вашымі таварамі, лічыце, што гэта ваша зямля: прыязджайце і будуйце, развівайце сваю цікавасць. Мы заўсёды вам дапаможам".

"Памятаеце, мы асуджаныя быць разам. Гэта будзе доўгі шлях, калі мы парвем нашы адносіны. Мы ўсё роўна будзем разам. Гэтак жа і Украіна. Мы славяне, і мы павінны жыць разам. І будзем жыць. Мы нікому нідзе не патрэбныя, пра гэта кажа ўся наша гісторыя", — дадаў ён.

У сваю чаргу Траўнікаў расказаў, што візіт дэлегацыі Новасібірскай вобласці ў Беларусь планаваўся яшчэ ў 2017 годзе, аднак па розных прычынах яго тэрміны пераносіліся. Паездку ў Беларусь ён назваў вельмі насычанай і прадуктыўнай, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Дэлегацыя наведала не толькі Мінск, але і іншыя гарады, пабываўшы там на буйных прадпрыемствах, сацыяльных і культурных аб'ектах і азнаёміўшыся з мясцовымі славутасцямі. Так, кіраўніцтва расійскага рэгіёну наведала Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН