Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/24/989876_989877/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 02:53
24.01.2019 16:12 Палітыка, Грамадства

МЗС: Інцыдэнтаў з грамадзянамі Беларусі ў Венесуэле не зарэгістравана

Мінск, 24 студзеня. Інцыдэнтаў з грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца ў Венесуэле, не зарэгістравана, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.

"Многія з іх знаходзяцца там у рамках выканання сацыяльнага заказу ўрада Венесуэлы, які і працягваюць выконваць", — сказаў ён.

Гаворачы аб сітуацыі ў Венесуэле, Глаз зазначыў: "Наша пазіцыя не змянілася. Мы з суперажываннем адсочваем сітуацыю ў Венесуэле. Лічым, што ўсе праблемныя пытанні павінны вырашацца самім венесуэльскім грамадствам і выключна шляхам мірнага дыялогу ў рамках прававога поля і Канстытуцыі. Венесуэльскі народ можа самастойна справіцца з узніклымі цяжкасцямі без ўмяшання звонку".

Як паведамляе Reuters, 23 студзеня 35-гадовы лідар апазіцыі Венесуэлы Хуан Гуаіда, выступаючы перад удзельнікамі шматтысячнай дэманстрацыі ў Каракасе, абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны. ЗША, Канада і шэраг лацінаамерыканскіх дзяржаў, уключаючы Бразілію і Калумбію, выступілі з заявамі ў падтрымку Гуаіда.

Нікалас Мадура, які ўзначальвае Венесуэлу, з 2013 года разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША, а тое, што адбываецца ў краіне, назваў дзяржаўным пераваротам.

Гуаіда паабяцаў сфарміраваць пераходны ўрад, які дапаможа краіне справіцца з выкліканым гіперінфляцыяй крахам эканомікі, пакласці "канец узурпацыі ўлады" і правесці сумленныя выбары.

Міністр абароны Венесуэлы Уладзімір Падрына заявіў, што ўзброеныя сілы не прызнаюць самаабвешчанага прэзідэнта.

Падчас буйных антыўрадавых акцый у сутыкненнях з паліцыяй ужо загінулі дзясяткі чалавек, сотні затрыманыя.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН