Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/25/989978_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.07.2019 04:59
25.01.2019 09:46 Эканоміка, Фінансы

Беларускія мытныя органы ў 2018 годзе павялічылі пералічэнні ў бюджэт на траціну

Мінск, 25 студзеня. У 2018 годзе ў рэспубліканскі бюджэт паступіла на траціну больш плацяжоў, якія кантралююцца мытнымі органамі, у параўнанні з 2017 годам. Гэта канстатаваў Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня на рабочай сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Сянько пацвердзіў, што мінулы год стаў выніковым для беларускай мытні: сабрана плацяжоў амаль на 9,5 млрд рублёў. "Сюды ўваходзяць плацяжы ПДК, акцызы, вывазныя і ўвазныя пошліны, якія пералічваюцца ў саюзны бюджэт і павінны размяркоўвацца паміж краінамі. Сума, якая паступіла ў саюзны бюджэт, — 600 млн долараў", — удакладніў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Лукашэнка пацікавіўся, якія менавіта напрамкі забяспечылі такі прырост. На яго думку, на іх трэба звярнуць большую ўвагу, каб захаваць дынаміку, якая склалася.

"Вядома, ужо, можа быць, такімі тэмпамі не будзе прыросту, тым не менш ён павінен быць забяспечаны. У адваротным выпадку навошта нам працаваць?" — спытаў ён.

Лукашэнка таксама пацікавіўся, як беларускае заканадаўства прыводзіцца ў адпаведнасць з Мытным кодэксам Еўразійскага эканамічнага саюза. "І самае галоўнае, ці не памыліліся мы дзесьці? Калі ўвогуле ацэньваць, то гэты прырост кажа пра тое, што мы памылак не дапусцілі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але, можа быць, ёсць нейкія пытанні, якія насцярожваюць нас?"

Беларускі кіраўнік закрануў і пытанні, звязаныя з размеркаваннем увазных мытных пошлін паміж краінамі ЕАЭС. "Ці адчувальнае тое, што мы падзяліліся з Арменіяй і Кыргызстанам пры іх уступленні ў ЕАЭС сваімі ўвазнымі мытнымі пошлінамі? Сёлета гэты тэрмін сканчаецца. Які аб'ём мы гублялі і які аб'ём мы можам атрымаць, калі скончыцца перыяд падтрымкі гэтых дзяржаў? Ці зможам мы надалей аказваць такую падтрымку Кыргызстану і Арменіі? Трэба казаць адкрыта: яны пазней уступалі ў наш саюз, у іх праблем было больш, ды і праблем у эканоміцы хапала, — заўважыў Лукашэнка. — Яснасць у гэтае пытанне ўнесці трэба, бо яно будзе абмяркоўвацца ў сярэдзіне года на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН