Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/25/989995_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:46
25.01.2019 13:37 Грамадства

Генпракуратура накіравала ў суд справу па абвінавачанні былога дырэктара мінскага Палаца спорту ў атрыманні хабару

Мінск, 25 студзеня. Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога дырэктара культурна-спартыўнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Палац спорту". Як паведамляе прэс-служба ведамства, справа перададзена ў Мінскі гарадскі суд для вызначэння падсуднасці.

Абвінавачанаму інкрымінавана, што ён з карыслівых меркаванняў, з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў у перыяд з лістапада 2012 года па 5 лютага 2018 года здзейсніў у Мінску шэраг наўмысных злачынстваў супраць інтарэсаў службы і ўласнасці.

Так, ён у названы перыяд атрымаў ад кіраўнікоў камерцыйных і грамадскіх арганізацый, унітарных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых асоб у якасці хабару не менш за 67,9 тысячы рублёў, 6,1 тысячы долараў ЗША, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці ў выглядзе спіртных напояў, прадуктаў харчавання, адзення і іншых прадметаў. Хабар перадаваўся за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з прыняццем рашэнняў і заключэннем адпаведных дагавораў аб даванні ў арэнду памяшканняў і абсталявання ў Палацы спорту для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, аб'ёмаў работ і паслуг.

Акрамя таго, абвінавачанаму інкрымінавана атрыманне шляхам махлярства незаконнага грашовага ўзнагароджання ў памеры 9.200 рублёў.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: махлярства на падставе чч. 2 і 3 арт. 209; замах на атрыманне хабару на падставе ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 430 і атрыманне хабару на падставе чч. 2 і 3 арт. 430; падбухторванне да дачы хабару на падставе ч. 5 арт. 16 і ч. 2 арт. 431; крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі на падставе ч. 1 арт. 210.

Пасля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы пракурор прыйшоў да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынстваў. Пагадзіўся з крымінальна-прававой кваліфікацыяй дзеянняў абвінавачанага.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.

Ужытую раней да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай пракурор пакінуў без зменаў.

Адначасова Генеральная пракуратура прад'явіла да абвінавачанага іскавую заяву аб спагнанні на карысць рэспубліканскага бюджэту неабгрунтавана атрыманай выгады — грашовых сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

Як паведамлялася раней, у лютым 2018 года быў адхілены ад пасады міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, які ўзначальваў міністэрства з 2012 года. Прычынай адхілення стала "непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамных арганізацыях". Звальненне Шамко было звязанае з затрыманнем паводле падазрэння ў атрыманні хабару дырэктара мінскага Палаца спорту Сяргея Прановіча. "Нядаўна такія (карупцыйныя. — БелаПАН.) злачынствы былі выяўленыя ў Палацы спорту. Яго кіраўнік браў хабар ад ахвотных арандаваць плошчы для продажу тавараў. Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся", — растлумачыў сваё рашэнне аб адстаўцы міністра Аляксандр Лукашэнка 16 лютага.

Ён дадаў: "Мяне праінфармавалі. Я кажу: "Давайце, мужыкі, каб не было крыўдаў, чалавека трэба з доказамі злачынства ўзяць". І яны зафіксавалі там дзясяткі гэтых хабараў за паўгода. Пасадзілі ў турму, а міністра — на вуліцу. Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН