Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/25/990010_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 21:10
25.01.2019 13:23 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка нацэльвае вучоных на інавацыі, у тым ліку ў атамнай энергетыцы і асваенні космасу

Мінск, 25 студзеня. Беларусь чакае ад вучоных інавацый у многіх галінах навукі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня ў Мінску на цырымоніі ўручэння дыпломаў дактароў навук і прафесарскіх атэстатаў навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

"Мэты навуцы ставіць сам час, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — І сёння нам асабліва патрэбныя веды і вопыт ужо вядомых, тытулаваных навукоўцаў, энергія і амбіцыі маладых даследчыкаў, якія падаюць надзеі і гатовыя не толькі выкарыстаць нязведаныя сілы прыроды, але і супрацьстаяць разам з дзяржавай найскладанейшым палітычным і эканамічным выклікам. Ад вас чакаем інавацыйных праектаў і тэхналогій у галіне атамнай энергетыкі, асваення касмічнай прасторы, лічбавання, у галінах эканомікі, медыцыны, адукацыі, у сферах сацыялогіі, экалогіі і геалогіі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "беларускім навукоўцам, як і ўсёй сусветнай навуковай супольнасці, трэба будзе яшчэ нямала зрабіць, каб адказаць на беспрэцэдэнтныя па складанасці і шматмернасць сучасныя выклікі" —трэба "працягнуць пошук альтэрнатыўных крыніц энергіі, спыніць незваротныя экалагічныя змены, адкрыць новыя спосабы прафілактыкі невылечных хвароб і барацьбы з імі, пераадолець харчовыя крызісы і вырашыць многія іншыя праблемы". "Але ў маштабах сваёй краіны мы павінны разам працаваць перш за ўсё на дасягненне дзяржаўных стратэгічных мэтаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу навукоўцаў на неабходнасць павышаць канкурэнтаздольнасць айчыннай эканомікі і забяспечваць нацыянальную бяспеку Беларусі, тым самым умацоўваючы суверэнітэт краіны.

Інтэлектуальная праца, паводле слоў Лукашэнкі, з'яўляецца асновай развіцця любога грамадства, і яна "павінна быць прымяняльная ў жыцці, накіраваная на канкрэтны вынік, павінна прынесці рэальную карысць не толькі дзяржаве, але і людзям".

Ён таксама дадаў, што ў Беларусі нямала зроблена ў плане падтрымкі перспектыўных спецыялістаў. У прыватнасці, адзначыў Лукашэнка, створаныя "аптымальныя ўмовы для навукова-тэхнічнай і практычнай дзейнасці", а таксама "распрацаваная сістэма матэрыяльных узнагарод за эфектыўнае ўкараненне ідэй у рэальны сектар і сацыяльную сферу".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН