Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/25/990041_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 21:13
25.01.2019 14:08 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка пра карупцыю ў медыцыне: Даравання лекарам не будзе

Мінск, 25 студзеня. Размаўляючы з навукоўцамі пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў дактароў навук і прафесарскіх атэстатаў 25 студзеня, Аляксандр Лукашэнка заклікаў парламенцкую камісію па ахове здароўя сачыць за сітуацыяй з карупцыяй у медыцынскай сферы.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, падчас размовы закраналіся пытанні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. На сустрэчы прысутнічала шмат прадстаўнікоў галіны аховы здароўя, у тым ліку доктар медыцынскіх навук, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак.

"Вы не толькі вучоны, але і вялікі начальнік, — звярнуўся да яе Лукашэнка. — Што адбываецца ў Міністэрстве аховы здароўя? Вы ў курсе справы? Колькі перасаджалі начальнікаў і так званых прасунутых, таленавітых арганізатараў, галоўных лекараў я маю на ўвазе, артапедаў і іншых".

"Вы перш за ўсё камісію сваю павярніце ў парламенце менавіта на гэты кірунак, нам гэта вельмі важна. Гэта не справа, калі на святой справе людзі набіваюць кішэні, закупляючы невядома як лекавыя прэпараты, павялічваючы на чвэрць або на траціну іх кошт. І медыцынскае абсталяванне. Вы ведаеце, пра што ідзе гаворка, ды і ўсё наша грамадства ведае. Даравання лекарам тут не будзе. Забудзьцеся пра сваю карпаратыўнасць. Я не той прэзідэнт, які будзе кланяцца вам таму, што вы лекары, і заплюшчваць вочы на тыя агіднасці, якія дзеяцца ў ахове здароўя", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Макарына-Кібак выказала ўпэўненасць у тым, што падобнае ў галіне больш не паўторыцца.

Пра выкрыццё маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя КДБ паведаміў у канцы чэрвеня 2018 года. Сярод затрыманых былі супрацоўнікі Міністэрства аховы здароўя, кіраўнікі вядучых клінік і РНПЦ краіны.

11 верасня на нарадзе аб праблемных пытаннях у сістэме аховы здароўя і кадравых прызначэннях Лукашэнка паведаміў, што па справе аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя "амаль 100 чалавек трапілі пад следства, фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў злачынных сродкаў".

Цяпер у Беларусі праходзіць шэраг судовых працэсаў над медыкамі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН