Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/26/eu_990157_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 07:01
26.01.2019 12:36 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Віктарын: Еўрасаюз і Беларусь захоўваюць супярэчнасці па праблеме смяротнага пакарання

Мінск, 26 студзеня. У Еўрасаюза і Беларусі захоўваюцца супярэчнасці па праблеме смяротнага пакарання, заявіла журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын 26 студзеня ў Мінску на канферэнцыі "Грамадзянская супольнасць Беларусі: перспектывы прасоўвання грамадскіх інтарэсаў у адносінах з асобамі, якія прымаюць рашэнні".

"У нас застаюцца супярэчнасці па прынцыповым для ЕС пытанні — адмена смяротнай кары або ўвядзенне мараторыя, — сказала Віктарын. — Мы будзем працягваць спрабаваць пераканаць Беларусь у неабходнасці гэтага кроку".

Пры гэтым яна адзначыла, што бачыць "рэальнае паляпшэнне адносін ЕС і Беларусі" ў іншых сферах. "Былі зробленыя некаторыя пазітыўныя крокі, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза. — Вядома, застаюцца пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і краін ЕС. Я кажу аб гендарнай роўнасці, гвалце ў адносінах да жанчын, інклюзіўнасці, талерантным стаўленні да людзей з розных груп. І ў нас ёсць дыялог з Беларуссю, у рамках якога мы абмяркоўваем гэтыя пытанні".

Віктарын падкрэсліла важнасць таго, каб грамадзянская супольнасць Беларусі была ўключаная ва ўсе сферы супрацоўніцтва паміж Мінскам і Бруселем.

"У ЕС мы лічым, што пабудаваць моцныя дзяржаўныя інстытуты можна толькі ва ўзаемадзеянні з грамадзянскай супольнасцю", — сказала пасол ЕС.

Яна адзначыла, што прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці ўдзельнічаюць у працы Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС і ў дыялогу па правах чалавека. "Яны могуць уносіць свае прапановы, да іх прыслухоўваюцца. Гэта вельмі важна", — паказала Віктарын.

Дыпламат таксама нагадала, што сёлета будзе адзначацца 10-годдзе ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Акрамя мерапрыемстваў, якія рыхтуе Брусель, прадстаўніцтва ЕС у Мінску абмяркоўвае з пасольствам Румыніі (цяперашні старшыня ЕС) ідэі таго, як у Беларусі адзначыць 10-годдзе Усходняга партнёрства.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН