Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/26/eu_990165_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:15
26.01.2019 13:07 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Віктарын: Пытанні правоў чалавека застаюцца галоўнымі ў адносінах ЕС з Беларуссю

Мінск, 26 студзеня. Пытанні правоў чалавека застаюцца галоўнымі ў адносінах Еўрасаюза з Беларуссю, заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын 26 студзеня ў Мінску на канферэнцыі "Грамадзянская супольнасць Беларусі: перспектывы прасоўвання грамадскіх інтарэсаў у адносінах з асобамі, якія прымаюць рашэнні".

"Наша мэта — каб Беларусь была незалежнай і суверэннай дзяржавай, каб у краіне развівалася дэмакратыя, выконваліся прынцыпы вяршэнства права, — сказала дыпламат. — Мы будзем дамагацца гэтага. І гэта значыць, што пытанні правоў чалавека застануцца галоўнымі ў нашым парадку дня".

Віктарын адзначыла, што за тры гады з моманту яе прызначэння ў Беларусь палітычны дыялог паміж Бруселем і Мінскам пашырыўся і стаў больш актыўным.

"На жаль, да канца мінулага года мы не змаглі падпісаць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства. Сёлета мы працягваем працу над дакументам, — сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС. — У мяне таксама ёсць аптымізм адносна пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, у найбліжэйшы час яно будзе падпісанае".

Пасол ЕС таксама сказала, што 10-годдзе ініцыятывы "Усходняе партнёрства", якое адзначаецца у 2019 годзе, неабходна выкарыстоўваць для таго, каб больш казаць пра мэты і задачы Усходняга партнёрства і яго дасягненні за гэтыя гады.

"Для нас таксама важна, каб людзі больш даведваліся пра дзейнасць ЕС у Беларусі, — падкрэсліла Віктарын. — І важна вызначаць фэйкавыя навіны пра дзейнасць і намеры ЕС у Беларусі, каб своечасова аспрэчваць іх. Мы хочам, каб было больш інфармацыі аб тым, што ЕС робіць на карысць беларускага народа".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239