Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/26/eu_990171_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 01:09
26.01.2019 13:42 Грамадства, Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

БАЖ абураная забаронай на ўезд у Беларусь каардынатара шведскага медыяінстытута Fojo Вольгі Вале з-за расійскага "чорнага спіса"

Мінск, 26 студзеня. ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" выказвае абурэнне ў сувязі з забаронай на ўезд у Беларусь супрацоўніцы шведскага медыяінстытута Fojo Вольгі Вале з-за расійскага "чорнага спіса", паведамляе прэс-служба БАЖ.

Каардынатар праграм шведскага медыяінстытута Fojo Вольга Вале накіроўвалася ў Мінск па запрашэнні БАЖ на сустрэчу з маладымі журналістамі. Днём 25 студзеня Вале была затрыманая супрацоўнікамі пагранічнай службы нацыянальнага аэрапорта Мінск. Ёй паведамілі, што яна не можа трапіць у Беларусь, бо знаходзіцца ў спісе асоб, якім не пажаданы ўезд на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

Беларусь мае агульны "чорны спіс" з Расіяй, таму ў Мінск Вольгу Вале таксама не пусцілі. Яна вымушаная вяртацца ў Рыгу зваротным рэйсам.

"Мы звярнуліся ў памежную службу аэрапорта і на гарачую лінію пагранічнага камітэта Беларусі, дзе нам пацвердзілі гэтую інфармацыю. Паводле слоў памежнікаў, Вольга Вале знаходзіцца ў расійскім "чорным спісе", таму трапіць у Беларусь не можа. Супрацоўнікі памежнага камітэта раяць звяртацца ў афіцыйныя органы Расійскай Федэрацыі", — распавёў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Шведскі медыяінстытут Fojo больш за 15 гадоў супрацоўнічае з журналісцкімі арганізацыямі ў Беларусі, пры яго падтрымцы быў рэалізаваны шэраг праграм з ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Беларускім саюзам журналістаў, Інстытутам журналістыкі БДУ.

БАЖ звяртае ўвагу, што раней ніякіх эксцэсаў з наведваннем Беларусі ў супрацоўнікаў Fojo не было.

10 кастрычніка 2018 года Вользе Вале адкрылі дзелавую візу на год, а ў лютым 2019-га яна планавала паехаць у Расію.

Кіраўніцтва БАЖ перакананае, што меркаванне прадстаўнікоў улады Расійскай Федэрацыі не павінна ўплываць на партнёрскія праграмы і кантакты паміж арганізацыямі Беларусі, Швецыі і іншых краін.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239