У Мінгарвыканкам пададзеная заяўка на святкаванне Дня Волі 25 сакавіка (дапоўнена)

Акрамя БСДП (Грамада) заяўнікамі выступілі Аб`яднаная грамадзянская партыя і рух "За Свабоду". Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), як незарэгістраваная структура, у лік заяўнікаў не ўвайшоў, але з`яўляецца неафіцыйным суарганізатарам акцыі.
Паводле заяўкі, збор удзельнікаў плануецца з 16.00 да 17.00, мітынг — з 17.20 да 21.00. Заяўленая колькасць удзельнікаў — ад 25 да 30 тысяч чалавек.
"Плануецца, што палітычныя арганізацыі, як і летась, выставяць свае палаткі. Кожны зможа прыйсці, даведацца пра палітычныя арганізацыі, што яны робяць", — сказаў Барысаў.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што плануецца арганізаваць "палітычнае мерапрыемства ў падтрымку абароны незалежнасці Беларусі". "Мы выступаем за дэнансацыю дамовы аб Саюзнай дзяржаве — гэта будзе заяўлена. Таксама мы лічым, што сітуацыя ў нашай краіне сёння даволі крытычная. Аднымі мітынгамі незалежнасць не абароніш, таму ўсім удзельнікам мы прапануем далучыцца да кампаніі абароны незалежнасці — будзе пачаты збор подпісаў за скасаванне саюзнай дамовы", — сказаў палітык.
"Мы таксама прапануем грамадству пакет рэформаў, перш за ўсё законапраект аб наданні асаблівага статусу першаму дзяржаўнаму бел-чырвона-беламу сцягу і гербу "Пагоня" — разам з Ганнай Канапацкай і Аленай Анісім [дэпутатамі парламента], — паведаміў Рымашэўскі. — Гэты законапраект ляжыць у Палаце прадстаўнікоў, ён прайшоў усе працэдуры ўзгаднення і будзе пададзены на вясновую сесію. Зразумела, што яго могуць не прыняць без моцнай грамадскай падтрымкі".
Паводле слоў палітыка, грамадзянам таксама будзе прапанавана выступіць за рэформу сістэмы адукацыі ў частцы падтрымкі беларускай мовы і культуры. "Без гэтых рэчаў, мы перакананыя, немагчыма паўнавартасна абараніць, адстаяць незалежнасць Рэспублікі Беларусь", — дадаў сустаршыня БХД.
Рымашэўскі заклікаў іншыя палітычныя партыі і грамадскія аб`яднанні далучыцца да правядзення мерапрыемства 25 сакавіка. "Мы просім аб`яднацца ў шырокі рух за незалежнасць ўсіх, хто адчувае, што галоўная пагроза сёння — памылкі, зробленыя палітычным кіраўніцтвам нашай краіны за апошнія 20 гадоў, у тым ліку падпісанне абсалютна шкодных дакументаў аб Саюзнай дзяржаве, якія Расія зараз спрабуе выкарыстаць для нападу на незалежнасць Беларусі, магчымай анексіі нашай краіны. Гэта місія і мэта нашай палітычнай акцыі", — растлумачыў ён.
Гэта ўжо другая заяўка, пададзеная ў Мінгарвыканкам на святкаванне Дня Волі. Першую 16 студзеня падалі Партыя БНФ і "Арт Сядзіба". Яны просяць улады санкцыянаваць правядзенне масавых мерапрыемстваў з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 24 сакавіка на стадыёне "Дынама".