Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/29/990417_147785/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:22
29.01.2019 10:57 Палітыка, Грамадства, Эканоміка

Беларусь пагоршыла паказчыкі ў карупцыйным рэйтынгу Transparency International

Мінск, 29 студзеня. Беларусь пагоршыла свае паказчыкі за 2018 год у "Індэксе ўспрымання карупцыі", які штогод публікуе міжнародная арганізацыя Transparency International. Краіна набрала 44 балы і апусцілася з 68-га на 70-е месца, падзяліўшы яго з Ямайкай і Саламонавымі Астравамі.

Першае месца ў рэйтынгу заняла Данія (88 балаў), другое — Новая Зеландыя (87), трэцяе месца, набраўшы па 85 балаў, падзялілі Фінляндыя, Сінгапур, Швецыя і Швейцарыя.

Замыкаюць рэйтынг Паўночная Карэя (14 балаў), Емен (14), Паўднёвы Судан (13), Сірыя (13) і Самалі (10).

Сярод найбліжэйшых суседзяў Беларусі найлепшыя паказчыкі ў Польшчы (36-е месца, 60 балаў), далей ідуць Літва (38; 59), Латвія (41; 58), Украіна (120; 32) і Расія (138; 28).

"Індэкс успрымання карупцыі" за 2018 год паказвае, што працяг неажыццяўлення большасцю краін дзейсных мер па ўсталяванні значнага кантролю над карупцыяй спрыяе крызісу дэмакратыі ва ўсім свеце, падкрэсліваецца ў паведамленні Transparency International.

"Многія дэмакратычныя інстытуты знаходзяцца пад пагрозай па ўсім свеце — часта з боку лідараў з аўтарытарнымі і папулісцкімі тэндэнцыямі. Нам неабходна зрабіць больш для ўзмацнення сістэмы стрыманняў і процівагаў у мэтах абароны правоў грамадзян, — заявіла кіраўнік-дырэктар Transparency International Патрыцыя Марэйра. — Карупцыя аслабляе дэмакратыю, што нараджае заганнае кола, у якім карупцыя падрывае дэмакратычныя інстытуты, а слабыя дэмакратычныя інстытуты, у сваю чаргу, маюць менш магчымасцяў для кантролю карупцыі".

У "Індэксе ўспрымання карупцыі" краінам прысвойваюць балы (0 — сур`ёзна карумпаваная, 100 — поўная адсутнасць карупцыі) і ранжуюць іх паводле ўспрымання ўзроўню карупцыі ў дзяржаўным сектары краіны з пазіцыі прадпрымальнікаў і экспертаў. Гэта зводны індэкс, які аб`ядноўвае 13 даследаванняў і ацэнак карупцыі, складзеных рознымі аўтарытэтнымі арганізацыямі, у тым ліку Сусветным банкам і праваабарончай арганізацыяй Freedom House.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239