Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/29/990423_458002/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:29
29.01.2019 11:58 Грамадства, Палітыка

Беларусь і Украіна зацвердзілі план дэмаркацыі на 2019 год

Мінск, 29 студзеня. Беларусь і Украіна зацвердзілі план дэмаркацыі на 2019 год.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, зацвярджэнне плана адбылося на 20-м пасяджэнні сумеснай беларуска-ўкраінскай дэмаркацыйнай камісіі, якое прайшло ў Гомелі.

Бакі падвялі вынікі выканання работ на дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай у 2018 годзе і зацвердзілі план работ на 2019 год.

"У сувязі з гэтым сёлета атрымаюць працяг работы па ачышчэнні паласы мацавання беларуска-ўкраінскай мяжы і ўсталяванні памежных знакаў. Акрамя таго, дэмаркацыйная камісія зоймецца вынясеннем дзяржаўнай мяжы з карты на мясцовасць і ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС", — гаворыцца ў паведамленні.

У кастрычніку мінулага года кіраўнік Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Лапо паведаміў журналістам, што на беларуска-ўкраінскай мяжы неабходна дэмаркіяваць 1.084 кіламетры. "На сённяшні дзень з карт на мясцовасць вынесена больш за 700 кіламетраў, ачышчана больш за 300 кіламетраў. І трэба нам сумесна з украінцамі ўсталяваць 3.200 знакаў. На сённяшні дзень беларускі бок ўстанавіў больш за 900 знакаў. Дэмаркацыя ідзе планава, у нас няма ніякіх рознагалоссяў, усе пытанні вырашаныя", — сказаў ён.

Паводле слоў Лапо, раней працэс дэмаркацыі ішоў хутчэй, бо работы праводзіліся на сухапутных участках мяжы. "Цяпер пераходзім туды, дзе балоты. Таксама складанае пытанне, але мы яго вырашым, — гэта праходжанне мяжы па зоне адчужэння. Там павінна спецыяльная тэхніка працаваць", — растлумачыў кіраўнік камітэта.

Ён паведаміў, што згодна з планам дэмаркацыя павінна завяршыцца да 2026 года. "Але мы гэта зробім раней, тут ніякіх праблем няма, ідзе планавая праца", — запэўніў Лапо.

У лістападзе мінулага года Дзяржпагранкамітэт таксама паведаміў, што ў лютым 2019-га Беларусь і Украіна плануюць пачаць работы па вынясенні мяжы на мясцовасць у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН