Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/29/990430_114785/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 08:53
29.01.2019 12:10 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка абмеркаваў беларуска-ўкраінскія адносіны з прадстаўніком Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Марчуком

Мінск, 29 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня сустрэўся з прадстаўніком Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе Яўгенам Марчуком.

Як паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, на сустрэчы ў тым ліку закраналіся розныя аспекты беларуска-ўкраінскіх адносін, павелічэнне аб'ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Лукашэнка адзначыў, што максімальны таваразварот, якога ўдавалася дасягнуць Беларусі і Украіны, склаў 8 млрд долараў. "Гэта быў наш найлепшы паказчык. Сёння дзесьці 5,5 млрд долараў. Гэта, вядома, не наш узровень. Мы можам прырастаць, і мы да гэтага імкнемся", — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Марчук перадаў яму "цёплае прывітанне ад прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі". "Я ўчора з ім бачыўся. Ён прасіў перадаць, што задаволены, як развіваецца ўкраінска-беларускае супрацоўніцтва, асабліва пасля форуму рэгіёнаў і не толькі. Камісія двухбаковая працуе як гадзіннік", — адзначыў Марчук.

Паводле яго слоў, паміж краінамі склаліся добрыя адносіны і на чалавечым узроўні. "Стаўленне да Беларусі і да вас асабіста як прэзідэнта Беларусі — вы вельмі папулярны чалавек ва Украіне. Я вам скажу гэта адкрыта", — заявіў Марчук.

Прадстаўнік Украіны таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Беларусі: "Я ўжо пяты год удзельнічаю ў гэтым перамоўным працэсе. І мне даводзілася, акрамя складанага цяжару, бываць у вашай фантастычнай бібліятэцы. Я там застаўся спецыяльна на суботу. Такіх бібліятэк няшмат у свеце. Я быў у вашым оперным тэатры, музеі Янкі Купалы... Проста быў уражаны".

На 30 студзеня ў Мінску запланаванае чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239