Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/29/eu_990458_744411/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:13
29.01.2019 14:09 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дэлегацыя беларускай апазіцыі бярэ ўдзел у рабочай сустрэчы Еўранеста па Беларусі ў Бруселі

Мінск, 29 студзеня. Дэлегацыя беларускай апазіцыі бярэ ўдзел у чарговым пасяджэнні рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест). Мерапрыемства праходзіць у Бруселі. 

У складзе дэлегацыі: старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, дырэктар цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця "Еўрапейскі дыялог" і экс-старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, адзін з кіраўнікоў кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. 

Згодна з праграмай, на пасяджэнні дэпутаты Еўрапарламента раскажуць пра вынікі сваіх візітаў у Беларусь. Адбудзецца абмен меркаваннямі з прадстаўнікамі беларускіх партый і рухаў аб наяўнай палітычнай сітуацыі. 

Як заявіў напярэдадні паездкі ў Брусель Аляксей Янукевіч, "удзел у сустрэчы рабочай групы Еўранеста па Беларусі — каштоўная магчымасць наўпрост весці камунікацыю не толькі з еўрапейскімі парламентарыямі, але і з прадстаўнікамі парламенцкай улады краін-партнёраў (Украіны, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы)". "Безумоўна, на сёння і палітыкаў ЕС, і палітыкаў Беларусі, і палітыкаў іншых краін, якія ўваходзяць ва Усходняе партнёрства, турбуе агрэсіўная палітыка Расійскай Федэрацыі. На жаль, мы назіраем эскалацыю гэтай агрэсіі — гэта і падзеі ў Азоўскім моры, і адкрыты націск на Беларусь. Менавіта пра гэта я планую гаварыць", — цытуе Янукевіча прэс-служба Партыі БНФ. 

Ён паведаміў, што мае намер падняць пытанне аб заканчэнні тэрміну арэнды для расійскіх вайсковых аб'ектаў у Беларусі і неабходнасці іх вываду. "Гэта стане магчымым, калі Еўропа будзе разглядаць Беларусь як элемент агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі, а не як частку расійскай сістэмы", — падкрэсліў Янукевіч.

Палітык мае намер прапанаваць рабочай групе канкрэтныя крокі па інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую медыйную прастору, для чаго існуюць шырокія магчымасці як у рамках інструментаў Еўрасаюза, так і Савета Еўропы, і асобных еўрапейскіх краін. "Барацьба з фэйкавымі навінамі, інфармацыйнымі правакацыямі — гэта той выклік, які цяпер у роўнай ступені стаіць перад усімі краінамі, у дачыненні да якіх Расійская Федэрацыя пачынае выкарыстоўваць палітыку інфармацыйнага шантажу. Беларусь павінна быць часткай агульнага адказу на гэты выклік", — мяркуе Янукевіч. 

Ён мае намер таксама закрануць тэму прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, што маюць адбыцца ў Беларусі. "Фактам з'яўляецца тое, што ўлады адмовіліся ад дэмакратызацыі выбарчага працэсу, не ўнеслі змены ў Выбарчы кодэкс. На жаль, ужо цяпер мы можам канстатаваць, што ў прававым рэжыме выбараў нічога не змянілася, — сказаў Янукевіч. — І наша сумесная задача, задача ўсіх дэмакратычных партый, — даць адэкватную ацэнку гэтаму факту. Я спадзяюся, што сумесная праца па назіранні за выбарамі, якую вядуць розныя дэмакратычныя партыі і рухі, будзе захаваная незалежна ад змен у архітэктуры кааліцый і палітычных саюзаў". 

Парламенцкая асамблея Усходняга партнёрства (Еўранест) створаная ў 2009 годзе. Планавалася, што ў яе ўвойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента і па 10 дэпутатаў ад кожнай з шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна). Складанасці ўзніклі з Беларуссю: з-за непрызнання выбараў у Нацыянальны сход адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Былі прапанаваныя розныя варыянты фармавання беларускай дэлегацыі ў Еўранесце, у тым ліку падзел месцаў паміж дэпутатамі, прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Афіцыйны Мінск усе варыянты адхіліў, настойваючы на тым, што краіну ў Еўранесце павінны прадстаўляць толькі дэпутаты Нацыянальнага сходу. Гэтую пазіцыю падтрымалі і астатнія краіны Усходняга партнёрства.

З-за рознагалоссяў устаноўчая сустрэча Еўранеста некалькі разоў пераносілася. Пошукі кампрамісу доўжыліся да таго часу, пакуль жорсткі разгон дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў не прывёў да рэзкай змены палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. У выніку ў лютым 2011 года было прынятае рашэнне аб скліканні першага пасяджэння Еўранеста без беларускай дэлегацыі, і яно адбылося 3 мая 2011 года. У рэгламент Еўранеста быў унесены пункт пра тое, што прысутнічаць у гэтай структуры можа толькі тая краіна, дзе выбары адпавядаюць стандартам АБСЕ.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН