Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/990556_778855/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 03:21
30.01.2019 10:05 Грамадства, Палітыка

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Мінску затрыманы актывіст анархісцкага руху Паліенка

Мінск, 30 студзеня. Увечары 29 студзеня ў Мінску быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Затрыманага даставілі ў гарадскі аддзел міліцыі Заводскага раёна Мінска, дзе ён правёў ноч.

У канцы мінулага года ў дачыненні да Паліенкі быў складзены адміністрацыйны пратакол на падставе артыкула 17.11 КоАП (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). У праваабаронцаў ёсць звесткі яшчэ аб адным пратаколе ў дачыненні да Паліенкі ўжо паводле артыкула 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі).

Падставай для адміністрацыйнага пераследу з'явіўся пост у "Фэйсбуку" з выявай маладога чалавека і надпісам на вопратцы, унесеным у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Разгляд справы, з вялікай верагоднасцю, адбудзецца 30 студзеня ў судзе Заводскага раёна Мінска.

Паліенка таксама з'яўляецца фігурантам справы згодна з арт. 341 Крымінальнага кодэкса, якую 23 студзеня распачаў Следчы камітэт за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкая ў Заводскім раёне Мінска. Разам з ім па гэтай справе праходзяць Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 22 снежня мінулага года Паліенка з сябрамі нанеслі графіці на сцяну будынка на вуліцы Ахоцкая. Верагодна, супрацоўнікі міліцыі змаглі іх апазнаць па відэаздымцы з акцыі, нягледзячы на закрытыя маскамі твары. 21 студзеня Паліенку і Чуліцкага затрымалі. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасці яго маці чатыры супрацоўнікі следчых органаў правялі вобыск. Былі канфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

23 студзеня Паліенку, Чуліцкага і Гусеву пасля допыту ва УУС Заводскага раёна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Паліенка быў вызвалены 24 кастрычніка 2018 года з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі пасля велапрабегу "Крытычная маса" ў красавіку 2016 года ў Мінску. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у "гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў" — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН