Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/990564_478569/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 07:12
30.01.2019 11:17 Грамадства, Эканоміка

Пракурор запытаў шэсць гадоў пазбаўлення волі для былога намесніка міністра аховы здароўя Ласіцкага

Мінск, 30 студзеня. Прадстаўнік дзяржабвінавачання Юрый Шарснёў падчас судовых спрэчак 30 студзеня запытаў для былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці і забаронай займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў.

Ласіцкаму выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду). Пакаранне па гэтай частцы артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі ад пяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Для былога галоўнага ўрача 12-й стаматалагічнай паліклінікі Мінска Уладзіміра Краўчонка пракурор запытаў пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай установе ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці і забаронай займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў.

Краўчонка абвінавачвалі на падставе двух артыкулаў за атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры (чч. 2 і 3 арт. 430 КК) і за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК). Шарснёў выказаў меркаванне, што віна паводле ч. 2 арт. 424 КК не даказаная, і прапанаваў зняць гэтую частку абвінавачання.

Пакаранне паводле ч. 2 арт. 430 КК прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Пакаранне на падставе ч. 2 арт. 424 КК прадугледжвае пазбаўленне волі ад двух да шасці гадоў са штрафам ці без штрафу i з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Працэс над Ласіцкім і Краўчонкам пачаўся 11 студзеня ў Мінгарсудзе. Абодва фігуранты адной крымінальнай справы, прызналі віну і кампенсавалі шкоду — прыблізна 25 тыс. долараў кожны.

Былы намеснік міністра прызнаў чатыры эпізоды хабару. Два эпізоды (10 тыс. долараў і 10 тыс. еўра) звязаныя з партнёрствам з эстонскім бізнесменам, прадстаўніком фірмы OU FairField Global Зелянко. У межах тэндару закуплялася абсталяванне, якое вырабіла фірма, а Ласіцкі атрымліваў "падзяку". Ён настойвае, што грошы браў фактычна ні за што, таму што пытанні Зелянко вырашыліся б у любым выпадку, перамога яго прадукцыі была забяспечаная законна.

Ласіцкі таксама прызнаўся, што прадпрымальнік Міхаіл Гохман аддзячыў яго за ўзгадненне спонсарскай дапамогі ў выглядзе лабараторнага абсталявання, перадаўшы яму 1.500 долараў.

Паводле інфармацыі, якая прагучала ў судзе, Зелянко і Гохман паехалі з Беларусі некалькі гадоў таму.

Чацвёрты эпізод звязаны з Краўчонкам, які даў Ласіцкаму хабар у дзве тысячы долараў за паскарэнне працэсу выпрабаванняў зубных імплантаў, якія планавала рэалізоўваць фірма, дзе адным з заснавальнікаў была дачка Краўчонка.

Краўчонак прызнаў у судзе, што браў хабар з 2013 года за арганізацыю паставак абсталявання і вырабаў медпрызначэння. Памер вар'яваўся ад 300 рублёў да 15 тыс. еўра.

Два эпізоды звязаныя з заснавальнікам фірмы "Геол-М" Уладзімірам Ладуцькам, які перадаваў незаконныя ўзнагароджанні за паспяховы зыход тэндару па закупках (10 тыс. долараў і 15 тыс. еўра). Яго імя як хабарадавальніка фігуравала і ў справе Андрэя Стрыжака, былога начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, справа якога зараз слухаецца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. За хабар ад Ладуцькі быў асуджаны 28 студзеня былы галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька.

Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239