Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/990579_478596/
Дата раздрукоўкі: 22.04.2019 13:10
30.01.2019 13:39 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоў аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны

Мінск, 30 студзеня. Чарговы раўнд перамоў аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны праходзіць 30 студзеня ў Мінску.

Як паведаміла МЗС Беларусі ў "Твітэры", перамовы пачаліся з сустрэчы рабочых падгруп трохбаковай кантактнай групы. Перамовы праходзяць у "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна ў закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня тут адбудзецца пасяджэнне і самой кантактнай групы.

Папярэдняя сустрэча прайшла 17 студзеня. Паводле яе вынікаў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Марцін Сайдзік заявіў, што падчас навагодняга перамір`я на Данбасе, якое дзейнічала з 29 снежня па 14 студзеня, не зафіксавана ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.

Аднак, паводле яго слоў, у дні пасля 14 студзеня зноў назіраецца тэндэнцыя росту парушэнняў рэжыму спынення агню.

24 студзеня Сайдзік выступіў з прапановай замяніць мінскія пагаднення новым мірным планам. У інтэрв`ю аўстрыйскай газеце Kleine Zeitung дыпламат заявіў, што гаворка ідзе аб прыцягненні ААН да правядзення мясцовых выбараў і арганізацыі бяспекі. АБСЕ можа выбары толькі ацэньваць, але не праводзіць, а 600 назіральнікаў арганізацыі для тэрыторыі плошчай 17 тыс. кв. км і лініі фронту працягласцю 420 км недастаткова для вырашэння праблемы бяспекі, адзначыў ён.

Новы план прадугледжвае паліцэйскую місію ААН і дзейнасць у Данецкай і Луганскай абласцях агенцтва па аднаўленні пад эгідай Еўрасаюза. Падобная структура працавала на Балканскім паўвостраве пасля вайны 1990-х гадоў.

Неабходны дакумент, які будзе мець "сапраўдную палітычную і прававую вагу", бо мінскія пагадненні так і не былі ратыфікаваныя расійскім і ўкраінскім парламентамі, растлумачыў прадстаўнік АБСЕ.

План упершыню быў прэзентаваны ў снежні 2018 года ў Мілане (Італія) на пасяджэнні савета міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў АБСЕ. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі бакоў, уцягнутых у канфлікт. "Афіцыйнай рэакцыі ў нас няма, і я думаю, што яна не абавязковая. Галоўнае, што мы можам прадэманстраваць наяўнасць шляхоў выйсця з цяперашняй сітуацыі, у якой, на жаль, няма асаблівага прасоўвання", — сказаў Сайдзік.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН