Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/990640_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 02:13
30.01.2019 17:02 Эканоміка, Грамадства

У выніку выгарання ядзернага паліва на БелАЭС за 60 год утворыцца каля 2,5 тыс. тон радыеактыўных цяжкіх металаў

Мінск, 30 студзеня. Першыя 48 цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) з адпрацаваным ядзерным палівам будуць выгружаныя з рэактара першага энергаблока Беларускай АЭС прыкладна праз 16 месяцаў пасля пачатку фізічнага пуску. Гэта вынікае з апублікаванай на сайце Міністэрства энергетыкі табліцы адказаў на пытанні грамадскасці па дакладзе аб ацэнцы праекта стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС.

Сход з удзелам грамадскасці для абмеркавання згаданага дакладу адбыўся 14 студзеня ў Астраўцы (Гродзенская вобласць). На некаторыя пытанні грамадзян прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі, адміністрацыі БелАЭС і мясцовых уладаў адказалі вусна. На частку пытанняў было абяцана даць пісьмовыя адказы.

У дакуменце гаворыцца, што за 60 гадоў эксплуатацыі двух энергаблокаў атамнай станцыі з улікам штогадовай перагрузкі 42 ЦВЗ (за выключэннем першай загрузкі і выгрузкі 48 зборак, што адпрацавалі) прагназуецца напрацоўка каля 5,3 тыс. адпрацаваных ЦВЗ агульнай масай каля 2,5 тыс. тон цяжкага металу.

Таксама адзначаецца, што актыўная зона кожнага рэактара БелАЭС камплектуецца са 163 цеплавыдзяляльных зборак. Паліўны цыкл станцыі прадугледжвае перагрузку 42 зборак з ядзерным палівам адзін раз на год. Пры гэтым, пачынаючы з другой перагрузкі, 37 ЦВЗ будуць знаходзіцца ў актыўнай зоне па чатыры гады, астатнія 5 ЦВЗ — па тры гады. Гэта звязана з нераўнамерным выгараннем паліва ў рэактары.

Пасля выгрузкі з рэактара адпрацаванае ядзернае паліва транспартуюць у сістэму прырэактарнага захоўвання — басейн вытрымкі ёмістасцю 732 ячэйкі, дзе яно будзе знаходзіцца да 10 гадоў. У далейшым яго будуць адпраўляць на перапрацоўку ў Расію.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў пачатку 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт⋅гадз электраэнергіі штогод.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239